Пра нюансы творчае «кухні» і не толькі

Імпрэза была прымеркаваная да выхаду чарговай кнігі празаіка і, як адзначыў сам сп. Франц, сталася для яго першай за апошнія дзесяць год магчымасцю персанальна сустрэцца з чытачамі.

Франц Сіўко

Вечарына сабрала шмат прыхільнікаў творчасці земляка і прайшла ў цёплай, сяброўскай атмасферы. Галоўным чынам, канечне, размова тычылася новага выдання – зборніка аповесцей “Плебейскія гульні”, якое нядаўна пабачыла свет у выдавецтве “Логвінаў”.

Ф. І. Шкіранда і У. А. Папковіч

Асаблівую цікавасць прысутных выклікалі развагі пісьменніка пра нюансы яго творчае “кухні”, пра няпростыя варункі сумяшчэння такіх розных, працаёмкіх заняткаў, як творчасць і педагогіка. Апошняй Франц Сіўко аддаў не адзін дзясятак год жыцця і, як прызнаўся, любіў не менш за літаратуру. А разам і пажартаваў наконт таго, як пры такім шалёным працоўным рытме ў школе ды ўніверсітэце яшчэ і ўмудрыўся выдаць дзясятак кніг.

Ларыса Рагачова 

А вось без чаго абышлося падчас вечарыны – дык гэта без чытання твораў або ўрыўкаў з іх. Такой формы кантактавання з аўдыторыяй Сіўко не прызнае, лічыць яе занадта архаічнай і нудотнай: пры гэткім уменні наладжваць кантакт са слухачамі ды быць дасціпным зусім і не дзіўна.

Настасся Лазебная віншуе аўтара з выхадам кнігі

Вяла вечарыну загадчыца аддзела краязнаўства бібліятэкі Ларыса Рагачова, аздабляў выкананнем твораў старадаўняй музыкі выкладчык Віцебскага музычнага вучылішча Аляксандр Салавян. Старшыня Віцебскага абласнога аддзялення СБП Настасся Лазебная павіншавала аўтара з выхадам кнігі ад імя ўсіх сябраў арганізацыі.

Ул. інф. Віцебскага абласнога аддзялення СБП