Праблемы літаратуры для падлеткаў: Беларуска-шведскі дыялог

Творцы сабраліся, каб абмеркаваць літаратуру для дзяцей і падлеткаў, а таксама абмяняцца досведам напісання такіх кніг.

Злева направа: Людміла Рублеўская, Ксенія Шталенкова, Гунар Ардэліюс, Наста Лабада 

Колькі гадоў чытачам дзіцячых кніг?

Ксенія расказала, што большасць  чытачоў яе кнігі “Адваротны бок люстра” — людзі ва ўзросце ад 30 гадоў, хаця яе мэтавая аўдыторыя — дзяўчаты гадоў 15-16. Магчыма, мела значэнне тое, што кніга напісаная па-беларуску.

На пытанне з залы, ці адыгрывае ролю ў фарміраванні чытацкай аўдыторыі дызайн вокладкі кнігі, Ксенія распавяла пра тое, што сама афармляла кнігу, больш думаючы пра змест твора, бо яна хацела зрабіць нестэрэатыпны дызайн, для ўдумлівых чытачоў.

Гунар піша як для дарослых, так і для моладзі. Яго творчая кар’ера пачалася са шчаслівага выпадку.

Калі Гунар пісаў сваю першую кнігу, то ён яшчэ не меў разумення свайго чытача, але аб’ектам яго цікавасці былі падлеткі ва ўзросце 16-17 гадоў. Якраз у гэты час пісьменнік вучыўся на літаратурных курсах, і на заняткі прыйшлі прадстаўнікі выдавецтва. Менавіта яны зацікавіліся творам Гунара і паабяцалі выдаць яго, калі хлопец… перапіша большую частку рамана. Так і здарылася. Што да афармлення, выдавецтва само вырашала, як выпускаць дэбютную кнігу Гунара.

Ці патрэбны падлетку фантазійны свет?

Сёння выходзіць вельмі шмат кніг-аднадзёнак, напісаных у стылістыцы фантастыкі і фэнтэзі. Створана вялікая індустрыя кампутарных гульняў. Ці добра тое, што падлеткі ўсё больш сыходзць ад рэальнасці?

Ксенія лічыць, што ў гэтым няма нічога дрэннага, калі падлеткі могуць у віртуальным свеце знайсці тое, чаго ім не хапае ў рэальным жыцці. Іншая справа, дадае Гунар, што зазвычай дзецям не стае ўвагі, любові і разумення.

Гунар ніколі не цікавіўся фантастыкай, яго кнігі больш пра сацыяльнае, паўсядзённае жыццё. Хаця і гэтыя гісторыі могуць быць выдуманымі. 

Уверсе: Гунар Ардэліюс, Ксенія Шталенкова, унізе: Людміла Рублеўская, Наста Лабада 

Ці ёсць у літаратуры для падлеткаў забароненыя тэмы?      

Калі ў беларускай літаратуры творы для моладзі традыцыйна мусяць утрымліваць моцны выхаваўчы і павучальны момант, то шведскія аўтары зусім па-іншаму ставяцца да напісання такіх кніг.

Гунар Ардэліюс прызнаецца, што супраць адкрытага дыдактызму. Асноўная задача — закрануць пачуцці чытача і пагаварыць з падлеткам пра тое, што найбольш яго хвалюе. Шведскі пісьменнік лічыць — закранаць можна любыя тэмы, галоўнае выбраць правільную форму выказвання. Напрыклад, у ягоных маладзёвых раманах можа прысутнічаць эротыка, але толькі тады, калі гэта дарэчы і тлумачыцца кантэкстам твора.

Ксенія Шталенкова па-іншаму бачыць сваю пісьменніцкую задачу. Свет яе прозы — ідэалістычна-рамантычны, бо ў жыцці і так многа ліха і агрэсіі, і чытач можа адпачыць, заглыбіўшыся ў гісторыю.

Цягам сустрэчы закраналіся таксама пытанні выхавання любові да чытання ў дзяцей і падлеткаў, праблемы прамоцыі літаратуры і перспектывы кніг для моладзі.

 

Біяграфічная даведка

Гунар Ардэліюс, Старшыня Шведскага саюза пісьменнікаў, перакладчык, працуе ў жанры маладзёжнага рамана. Нарадзіўся ў 1981 годзе. Яго дэбютная кніга (2006 г.) была намінаваная на прэмію імя Аўгуста Стрынберга, атрымала прэмію дэбютантаў “Рагатка” (Slangbellan).

Ксенія Шталенкова пачала пісаць, яшчэ калі сама была школьніцай. Нарадзілася ў 1992 годзе. Дзяўчына стварыла прыгодніцкі раман для падлеткаў “Адваротны бок люстра”, які выйшаў у 2012 годзе. Цяпер ужо напісаная другая частка — працяг, усяго аўтарка задумала трылогію. Дзеянне ў першым творы адбываецца ў часы Рэчы Паспалітай.  

 

 

Тэкст: ВТ

Фота: Алена Казлова

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"