“Прачнуцца рунню па вясне…” Лаўрэатамі прэміі “Дэбют” сталі Кацярына Оаро, Уладзь Лянкевіч, Кацярына Маціеўская і Сярж Мядзведзеў

Андрэй Хадановіч чытае вершы Рыгора Барадуліна

Вядучы цырымоніі – Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра, літаратар, перакладчык Андрэй Хадановіч – адкрыў вечарыну чытаннем вершаў народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, які адышоў у вечнасць 2 сакавіка. Прысутныя ўшанавалі памяць Рыгора Іванавіча хвілінай маўчання.

Успомніў вялікага паэта і Павел Бераговіч, відэазварот якога быў паказаны на экране.

Павел Аракелян і Лявон Вольскі

Лявон Вольскі і Павел Аракелян выканалі песню “Белая яблыня грому” на верш дзядзькі Рыгора. Цягам вечара музыкі выходзілі да публікі некалькі разоў з рознымі, але аднолькава таленавітымі кампазіцыямі.

У склад журы, якое ацэньвала дэбютантаў, увайшлі вядомыя пісьменнікі, перакладчыкі, навукоўцы, грамадскія дзеячы.

Алесь Пашкевіч і Барыс Пятровіч, намеснік Старшыні і Старшыня ГА "СБП", сябры журы прэміі

Сярод намінантаў у шорт-лісце апынуліся аўтары, кнігі якіх пабачылі свет у серыі “Пункт адліку” Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў. Напрыклад, у паэзіі ўсе тры кнігі маладых творцаў выйшлі пры падтрымцы СБП, у прозе — "Сарочае радыё" Кацярыны Оаро.

Літаратурны крытык Марына Весялуха і паэтка, аўтарка зборніка "Арэхападзенне" Віялета Пачкоўская

“Саламея” Оскара Ўайлда ў перакладзе Кацярыны Маціеўскай апублікаваная дзякуючы серыі “PostScriptum” часопіса “ПрайдзіСвет”, таксама пры спрыянні Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Маргарыта Аляшкевіч

Сёлета ў кароткі спіс патрапіла электронная кніга — аповесць Маргарыты Аляшкевіч, выдадзеная ў BYBOOKS, а таксама папяровыя выданні, якія выйшлі ў “Кнігазборы” і “Логвінаве”.

Выступае паэт, шорт-лістэр прэміі Кірыла Анохін

Кожны з тых аўтараў, каму пашчасціла трапіць у шорт-ліст, меў магчымасць прачытаць гледачам фрагменты са сваіх твораў. За выняткам тых маладых літаратараў, хто па аб’ектыўных прычынах не мог прысутнічаць. Іх прадстаўлялі калегі, блізкія або сябры.

Замест грамадскага актывіста Змітра Дашкевіча, намінанта ў прозе, які зараз знаходзіцца ў зняволенні, выступіла Наста Дашкевіч.

Старонкі з аповесці Кацярыны Оаро, якая цяпер жыве і працуе ў Францыі, агучыў Андрэй Хадановіч.

-- Сябрам журы няпроста было прыняць рашэнне і выбраць лепшае з лепшага, усе намінанты будуць заахвочаныя, бо ўсе вартыя гэтага. У прозе ў лонг-лісце было 6 намінантаў, колькасць выдадзеных кніг расце, і гэта сведчыць пра перспектыўнасць прэміі імя Багдановіча, -- адзначыў празаік, старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў” Барыс Пятровіч.

Наталка Харытанюк

Наталка Харытанюк, лаўрэат у галіне прозы 2011 года, абвясціла сёлетнюю пераможцу – Кацярыну Оаро.

Усе намінанты атрымалі прызы ад арганізатараў. А выдавецтва “Логвінаў” паабяцала Маргарыце Аляшкевіч выдаць папяровую версію яе кнігі.

Перакладчыца Ірына Герасімовіч цяпер на кніжным кірмашы ў Лейпцыгу, таму яе работу прадставіў Віталь Краўчанка.

Кацярына Маціеўская

Кацярына Маціеўская зачытала маналог Саламеі з перастворанай ёй п’есы Оскара Ўайлда.

Сярж Мядзведзеў

Сярж Мядзведзеў пераклаў на беларускую мову культавы твор Чака Паланюка “Байцоўскі клуб”. Праўда, кніга яшчэ не выдадзена, хаця чакае свайго часу ўжо даўно. Спадзяемся, прыхільнікі знанага амерыканца змогуць ацаніць яго тэксты на нашай роднай мове ў найбліжэйшы час.

Сябры журы Лявон Баршчэўскі і Ганна Янкута 

Лявон Баршчэўскі і Ганна Янкута абвясцілі лаўрэатаў у намінацыі “Пераклад” – Кацярыну Маціеўскую і Сяржа Мядзведзева.

Другі год запар у паэзіі вырашылі ўручаць спецыяльную прэмію (нагадаем, летась яе атрымаў Глеб Лабадзенка за свой праект “Дзіцячая заМова”). 

Сёлета ўганараваны Дзмітры Дзмітрыеў за візуалізацыю вершаў і кнігу “Ліра спіралі”.

Валянцін Акудовіч і Уладзімір Арлоў уганароўваюць лаўрэата Уладзя Лянкевіча. Далучаецца да віншаванняў Андрэй Хадановіч 

Лаўрэатам у галіне паэзіі, якога абвясцілі Валянцін Акудовіч і Уладзімір Арлоў, стаў Уладзь Лянкевіч.

Тэкст: Віка Трэнас

Фота: Юля Цімафеева

Прэсавая служба СБП