«Праўда, што Андрусь у Мінску папулярны?»

Фото: Иван Яриванович, TUT.BY

Для тых, хто крышачку не ў тэме. Тры гады назад Андрусь, які жыў і працаваў у Мінску, махнуў рукой на ўсю гэтую сталічную мітусню і з’ехаў у дзедаву хату ў вёску Прудок. Пасябраваў з мясцовымі, завёў казу Цёцю, курэй ды катоў і стаў пісаць пра сваё жыццё-быццё ў «Фэйсбуку». І так яно добра пісалася, што з пастоў атрымалася кніга «Радзіва „Прудок“. Дзённік» — пра людзей, свет і людзей у свеце. Карацей, такая, што першы тыраж разабралі за адзін дзень.

Цяпер Горвата чытаюць у кавярнях, цягніках, дораць замежным сябрам — а ён усё гэтак жа з казой і катамі жыве ў Прудку. Толькі часам ездзіць у сталіцу, неахвотна кантактуе з журналістамі. Наш прыезд, магчыма, бясцэннае выключэнне. Таму, пакуль сам Андрусь у Мінску, мы даглядаем казу і знаёмімся з героямі «Радзіва».

Фото: Иван Яриванович, TUT.BY

«Вярталіся з аператарам з камандзіроўкі з Хойнікаў, і зразумеў: хачу тут жыць»

У Прудку вясна, усё цвіце — прыгажосць, Андрусь насустрач на веліку каціць.

Хат у яго, як аказалася, ужо ажно дзве. Адна — знакамітая, дзедава, другая — суседская, нядаўна набыў. Абедзве стаяць у пачатку вёскі, да прыпынку ад іх ісці хвіліны тры.

— Важнае правіла Прудка, — расказвае Горват, — заўсёды і паўсюль кажыце: «Е».

У магазіне: «Малако е?», «А хлеб е?».

Скажаш «ё» — адразу зразумеюць: чужы. А ляпнеш «ёсць», то і зусім пішы прапала.

Хоць тут і так многія ведаюць, што прыехалі журналісты з Мінску: паведаміла «Радзіва «Прудок», а дакладней суседка Горвата — цётка Дуня. Як яно, канешне, было, не вядома. Кажуць, некага яна прыстрашыла, маўляў: «Не спіліце на могілках старое дрэва, прыедуць журналісты, я ім усё пакажу».

Ну, а далей пайшло-паехала.

Фото: Иван Яриванович, TUT.BY
Андрусь Горват

У вёсцы +17. Горват гарод яшчэ не пасадзіў, толькі на адной градцы цыбуля вожыкам зеляніцца. Кажа, летась нацешыўся: кожны дзень у зямлі. А зямлі тут у яго нямала — сотак дванаццаць, мо, больш. Затое гаспадар будуе плот. Пачынаем здалёк, але адразу атрымліваецца неяк па-свойску:

— А ты чаго ў вёску з’ехаў?

— Дык я ж пісаў, — дзівіцца, што не ведаю. — Працаваў журналістам, вярталіся з аператарам аўтаспынам з камандзіроўкі з Хойнікаў (ад Прудка да Хойнікаў недалёка. — Заўвага TUT.BY), і зразумеў: хачу тут жыць.

— А журналістаў чаму не вельмі любіш?

— Я і так шмат пра сябе ў «Фэйсбуку» пішу, павінна ж заставацца нешта асабістае.

А асабістае — вось яно, дзедава хата. Два пакоі: адзін жылы (ужо адрамантаваны), у другім — рамонт. Камора, дзе Андрусь жыў напачатку, крыху большая за грузавы ліфт. Зараз тут зерне, зёлкі і нават міні-бар. Жартуе, калі пашукаць, можна нават паўбутэлькі шампанскага нашукаць.

— Калі выйшла кніга, мне сталі лісты і паштоўкі адусюль прыходзіць, — паказвае скрыню. — Вось з Амерыкі, вось з Аўстраліі. Ёсць і вельмі пранікнёныя. Пісала, напрыклад, дзяўчына: «Радзіва» ёй брат даў. Чытала, расказвае, і плакала, успамінала хату свайго дзеда. А потым паехала ў вёску, дзе ён жыў, і якраз новыя гаспадары тую хату прадавалі.

Фото: Иван Яриванович, TUT.BY

«Я абіжаюсь? А чаго абіжацца? Гэта ж «художественный вымысел»

Во як бывае, а зараз да справы.

Казу і курэй карміць у 8.00, у 20.00 — скаціну па «норах». Каза Цёця цяжарная — не забываць. Хочаш піць — ідзі да калодзежа, холадна — грубку тапі. Кошку Лялю з дома не выпускаць, катоў Ваню і Рыжага ў хату не пускаць. Калі бяда, бяжы да цёткі Дуні. На шчасце, недалёка.

— А чаму вырашыў гаспадарку чужым даверыць, а не ў цёткі папрасіць?

— Яна б і не супраць дапамагчы, але ж вельмі хацела расказаць журналістам пра вайну.

А вось, дарэчы, і цётка. Тая самая надзея і падтрымка. Бландзінка, вочы вялікія, блакітныя, прычоска — карэ. У «Радзіве «Прудок» яна цётка Дуня, у жыцці Надзея Леанідаўна. Для сваіх цётка Надзя, але гэтае «для сваіх» яшчэ трэба заслужыць.

Фото: Иван Яриванович, TUT.BY

— Дык то праўда, што Андрусік у Мінску папулярны? — цікавіцца ў нас. — У Прудку яго, канешне, паважаюць, ніхто ў яго не крадзе. Забягу, бывае, а ў яго то вядро, то шчэ што ў двары стаіць. Кажу, хавай у хату, ён: «Навошта?». І стаіць жа, не чапаюць.

Надзея Леанідаўна жанчына вельмі цікавая, слухаць не пераслухаць. Вельмі просіць у тэксце пазначыць, што свет трымаецца на дабрыні.

— Паглядзі, які ён у нас зараз прыгожы, а як прыехаў толькі ў Прудок, гараваў, гараваў, — кажа яна пра Андруся. — Хату падымаў, жыў у каморы, света нават у яго не было. Першай сястра мая яму мёду прынесла, а потым ужо я з ім пазнаёмілася. То супу звару, то бабку спяку — і яго клічу. І мёдам я яго ўгашчала, а ён у кніжцы пра кіслую смятану напісаў. Не, ну прыдумаў жа, кіслую смятану прынесла. Я абіжаюсь? А чаго абіжацца? Гэта ж «художественный вымысел».

Фото: Иван Яриванович, TUT.BY

З цёткай Надзяй прыйшлі і навіны пра Прудок: моладзі тут, аказваецца, няшмат, але — жыве вёска. Людзі ў асноўным працуюць у гаспадарцы. Гаспадарка — другая ў раёне па паказчыках. Хата Андруся раней не была першай ад дарогі, да яе стаялі сталовая і клуб.

— Некалі, як бабулі не хацелася гатаваць, яна купляла ў сталоўцы катлеты, а дзеду казала, што сама пякла, — смяецца Андрусь.

— Нейкі ты сёння гаваркі, — звяртаемся да пісьменніка. — А пішуць, амаль заўсёды маўчыш.

— Не выспаўся проста, — адказвае.

— Ладна, слухайце сюды. Андрусь паедзе, вы на вячэру прыходзьце. Пакармлю вас, не магу, каб людзі гаравалі, дапамагаць трэба людзям. Добра, хопіць сядзець, вясной работы шмат, няма чаго рассіжвацца. Пайду плот рабіць, — слова бярэ цётка Надзя.

Фото: Иван Яриванович, TUT.BY

А Андрусь — пешшу на Калінкавічы, а адтуль — на Мінск. Кажа, увесь тыдзень збіраецца сядзець у ванне і глядзець тэлевізар. І папярэджвае: у пятніцу з 17.00 да 19.00 будзе падпісваць кнігі ў касе Купалаўскага тэатра.

— А жыць ты ў Мінску дзе плануеш?

— У знаёмага, ён з сям’ёй зараз жыве ў Амерыцы. Я калі пра паездку ў «Фэйсбуку» напісаў, чалавек сорак адгукнулася. Сярод іх нават жанчына, якая жыве з дзіцёнкам у аднапакаёўцы. Прапаноўвала мне на тыдзень кухню ў сваёй кватэрцы.

— Любяць людзі цябе і «Радзіва», як мяркуеш, чаму?

— Не ведаю, бывайце.

Пака.

Фото: Иван Яриванович, TUT.BY

P. S.

У нядзелю фатограф з’ехаў, засталіся з казой удваіх. Пакуль пішу, куры за плот паўцякалі. От гаспадыня. Добра, цётка Надзя сітуацыю кантралюе, усіх назад вярнула ды яшчэ і яйкі з куратніка сабрала.

Фото: Иван Яриванович, TUT.BY

— Ажно пяць?! — дзіўлюся. — А ўчора ў Андруся толькі два было.

— Мусіць, ты курам болей за Андруся нравішся. А нос што павесіла?

— Дык кошка ўцякла. Горват галаву адарве.

— Навошта, у яго ж яшчэ две кошкі е. Лепш скажы, ты ўжо напісала?

— Пачытаць?

— Ай, не. Не расказуй, мне нецікава, — адмахваецца. — Падажджы, вось што скажу. Тое, што Прудок наш стаў на ўвесь свет вядомы, — удача. Ёсць жа і вёскі прыгажэйшыя, і людзі цікавейшыя, але няма ў іх Андруся.

… Думаю ноччу над цётчынымі словамі, а самой так страшна. Нейкі жах прыйшоў з ноччу ў цёплую прудкоўскую хату.

Фото: Иван Яриванович, TUT.BY

Цётка, канешне, учора клікала да сябе спаць, і прадаўшчыца Ніна Аляксандаўна клікала. Але ж захацелася спаць у дзедавай хаце. Гляджу на мехдвор, ён недалёка. Там у будыначку вартаўніка агеньчык гарыць, не спіць Міхаіл Васільевіч. Абяцаў мне ў магазіне па начах за хатай прыглядваць, сказаў не баяцца.

І сапраўды, чаго гэта я? Дзве гадзіны, а я ўсё сяджу гляджу ў акно, а ў 8.00 — казу карміць.

Але ж заўтра таксама буду дома начаваць. Што ж датычыцца сакрэта Прудка, то ён, здаецца мне, не толькі ў Андрусю.

Працяг будзе.

Каза пакуль не нарадзіла.

Фото: Иван Яриванович, TUT.BY

Екатерина Пантелеева, фото — Иван Яриванович, TUT.by