Праект «Books from Belarus» на кніжным кірмашы ў Лейпцыгу

Акрамя таго, на стэндзе быў прадстаўлены каталог Books from Belarus. Каталог, выдадзены па-ангельску для зручнасці замежных выдаўцоў і літаратурных агентаў, прадстаўляе анатацыі твораў Васіля Быкава, Алеся Разанава, Уладзіміра Някляева, Барыса Пятровіча, Уладзіміра Арлова, Віктара Казько, Ігара Бабкова, Алены Брава, Людмілы Рублеўскай, Альгерда Бахарэвіча, Уладзіміра Казлова.

Томас Вайлер, 36-гадовы перакладчык з Лейпцыгу, – злучальнае звяно паміж беларускім і нямецкім літаратурнымі сусветамі. Менавіта ў ягоным перакладзе ў 2010-м годзе выйшаў раман Альгерда Бахарэвіча «Сарока на шыбеніцы», а ў 2014-м – «Параноя» Віктара Марціновіча і зборнік вершаў Алеся Разанава.

Напрыканцы 1990-х Томас пасля школы патрапіў у Менск, каб 16 месяцаў адтрубіць у Навінках у якасці валанцёра – такім чынам ён праходзіў альтэрнатыўную службу. Пасля вяртання на радзіму Вайлер атрымаў дыплом перакладчыка з рускай і польскай моваў.

«У Навінках, ды і ўвогуле ў Беларусі, было амаль не чуваць беларускай мовы. Але той перыяд жыцця абудзіў ува мне цікавасць – хацелася даведацца, што пішуць людзі майго пакалення на беларускай мове, якой паўстае Беларусь у іх творах. Мне заўсёды хацелася займацца літаратурай, – распавядае Томас. – Аднак у Нямеччыне была спецыялізацыя “тэхнічны пераклад”, на якой я і вучыўся. Падчас студэнцтва паволі пачаў перакладаць беларускія творы – мову вучыў па кніжках і шукаў дапамогі ва ўніверсітэцкіх выкладчыкаў».

Зараз Томас – адзін з галоўных перакладчыкаў з беларускай у Германіі, да таго ж ён ужо шмат гадоў выключна ўласнымі сіламі стварае literabel.de – праект, які тлумачыць зацікаўленаму нямецкаму чытачу, што ўяўляе сабой сучасная беларуская літаратура.

Томас кажа, што ён – «вольны перакладчык». «Вольны таму, што сам выбіраю тэксты, з якімі хачу працаваць, а пасля самастойна шукаю выдаўца для сваіх перакладаў, – кажа Вайлер. – Пераклад – справа даволі зацягнутая ў часе. Найперш я дасылаю ў розныя выдавецтвы перакладзены фрагмент тэксту і сінопсіс – апісанне твора і колькі словаў пра аўтара, кароткі змест. Пасля адбываецца працэс перамоваў. За тры-чатыры месяцы я звычайна паспяваю перакласці ўвесь тэкст – гэта калі гаворка ідзе пра раман. Паэзію я, у асноўным, пачынаю перакладаць для сябе. З іншага боку, вершы можна прапанаваць адмысловым часопісам». Такія пошукі маюць свой вынік – зараз Томас супрацоўнічае з некалькімі выдавецтвамі і літаратурнымі часопісамі.

Чытаць перакладчыку даводзіцца, стала фільтруючы тэксты: «Што тычыцца беларускіх навінак, я сачу за імі ў Інтэрнэце, чытаю сайт “Логвінава”. Плюс разнастайныя блогі і прэміі – Ежы Гедройца, напрыклад. Прымаюся толькі за тыя творы, якія, як мне падаецца, пасуюць для перакладу».

«У Навінках было амаль не чуваць беларускай мовы»

У Томаса і яго жонкі – трое дзяцей, што, відавочна, накладае свой адбітак на арганізацыю працоўнага часу: «Асаблівых складанасцей з самаарганізацыяй у мяне няма, нягледзячы на тое, што я працую дома. Падаецца, гэта звязана з тым, што ў мяне няшмат часу – ад 9-й раніцы і недзе да 15-й, калі дзеці вяртаюцца з дзіцячага садку ці школы. Гэта моцна дысцыплінуе, калі ведаеш, што ўвечары трэба прысвячаць час ім».

Сярэдні ганарар за пераклад рамана ў Германіі складае € 3-4 тыс., і часцей за ўсё гэтыя «выдаткі на перакладчыка» выдавецтвам кампенсуюць дзяржаўныя ініцыятывы з тых краін, якія займаюцца падтрымкай нацыянальнай літаратуры. То-бок польскія фундацыі падтрымліваюць пераклады з польскай па ўсім свеце, венгерскія – з венгерскай і г.д. Падобная праграма існуе нават у Расіі. І часта для выдаўцоў пры прыняцці рашэння – выпускаць новага перспектыўнага беларускага аўтара ці якога-небудзь чэха, за пераклад якога заплаціць чэшскі фонд, – гэта можа быць адным з асноўных фактараў.

План аб’екта

Калі Франкфурцкі букфэйр – гэта хутчэй тусоўка для выдаўцоў і бізнэсоўцаў ад кніжнай індустрыі, то Лейпцыг – больш для чытачоў і аўтараў. Арганізатары кажуць, што ў чацвёрты дзень кірмашу колькасць гасцей прыблізілася да 250 тысяч. Пяць вялізных холаў комплексу падзеленыя на адмысловыя зоны, у якіх выстаўляюцца больш за дзве тысячы выдавецтваў з 42 краін, пабудавана 410 сцэн розных памераў, на якіх цягам чатырох дзён праходзіць каля трох тысяч выступаў. Сярод знакамітасцей сёлетняй выставы – Гюнтэр Грас і Марцін Сутэр.

Калі ты прыязджаеш на Leipziger Buchmesse упершыню, трэба быць падрыхтаваным да блукання сярод стэндаў і сцэнаў у вольным тэмпе людскога патоку. Але занятак гэты вельмі прыемны – людзі пераходзяць ад літаратурных кафэх, дзе за суседнімі столікамі выступаюць літаратары, да музычных і дзіцячых сцэнаў, паўсюль чуваць музыку і авацыі. Самым папулярным персанажам падзеі стаўся намаляваны Дэпардзье, які чамусьці ўпрыгожыў сабой вялізныя прома-торбы сатырычнай газеты Eulenspiegel, што раздавалі тут тысячамі.

«Усім, хто прыйдзе ў касцюме з японскіх манга, абяцалі дармовы ўваход»

«Яшчэ ў ХІХ стагоддзі Лейпцыг быў самым буйным кнігавыдавецкім горадам Германіі, – распавядае Томас Вайлер, пакуль мы імкнемся выбрацца з чарговага натоўпу зацікаўленых чытачоў. – На сёння буйнейшы кірмаш толькі ў Франкфурце, і выдавецтвы звычайна прымаюць удзел у абодвух, рыхтуючы навінкі да веснавога Лейпцыга і восеньскага Франкфурта. За часамі ГДР і ФРГ кірмашы праходзілі ў гэтых гарадах адпаведна».

Мы мінаем шэрагі кніжак з нотамі на вокладках. «Лейпцыг таксама лічыцца музычным горадам. Калісьці тут працавалі Бах і Мэндэльсон – таму тут такая колькасць музычнай літаратуры», – тлумачыць Томас.

Тутэйшую публіку, аднак, кансерватыўнай назваць складана. Сярод ахайных нямецкіх фрау з дзецьмі і інтэлігентных пажылых пар, па кірмашы ў вялікай колькасці разгульвае нямецкая моладзь у калякарнавальных касцюмах – пікачу, эльфы, прынцэсы-аднарогі ды іншыя персанажы з японскіх анімэ.

«Тут у другі раз адбываецца фестываль манга Manga-Comic-Convention, – пацвярджае нашыя падазрэнні Вайлер. – Усім, хто прыйдзе ў касцюме, абяцалі дармовы ўваход. Да таго ж манга-коміксам адведзена асобная зала на выставе. Папулярнасць гэтага напрамку літаратуры стала расце».

Паралельна кірмашу ў Лейпцыгу праходзіць яшчэ адзін фестываль – «Leipzig liest», накіраваны выключна на чытачоў. У ягоных межах адбываюцца літаратурныя чытанні ў павільёнах і па ўсім горадзе.

Наш гід кажа, што сярод мясцовых няма звычкі набываць кнігі падчас сустрэчаў з літаратарамі. Зазвычай прыходзяць проста паслухаць ці падпісаць ужо набыты раней асобнік. А чытанні і дыскусіі ў межах самога кірмашу маюць моцна абмежаваны час і збіраюць у асноўным прафесіяналаў – ад літаратурных агентаў да ілюстратараў.

«Таму, перш чым сюды ехаць, трэба праглядзець праграму, каб не згубіцца ў плыні падзей, людзей і ў вялізных прасторах», – падсумоўвае Томас.

Беларуская сцежка

Беларускую літаратуру на нямецкім кірмашы можна знайсці не толькі на стэндзе Books from Belarus. Немцы добра ведаюць Святлану Алексіевіч, але, на жаль, мала хто асацыюе яе з Беларуссю. Неаднойчы падчас дыскусій на сёлетнім кірмашы Вайлер звяртаў увагу слухачоў на тое, што Алексіевіч – беларуская пісьменніца. Акрамя таго, кажа Томас, ведаюць Быкава.

Мы завітваем на стэнд выдавецтва fotoTAPETA, якое ў мінулым годзе выдала кнігу Артура Клінава «PARTISAN. Kultur_macht_Belarus». У яе ўвайшлі артыкулы Валянціна Акудовіча, Вольгі Шпарага, Альміры Усманавай, Тані Арцімовіч ды інш. Над перакладам таксама працаваў Томас. Выдавец Андрэас Ростэк, згадваючы сустрэчу з Клінавым падчас аднаго з мінулых кірмашоў, кажа, што аўтары «Партызана» размаўляюць з Еўропай на адной мове. Хоць яе і трэба перакладаць.

Праходзячы міма Suhrkamp, дзе на адной з цэнтральных паліц стаяць «Горад Сонца» Клінава, «Код адсутнасці» Акудовіча і «Час сэканд-хэнд» Алексіевіч, мы накіроўваемся да стэнда Voland & Quist, якое выдала «Параною» Марціновіча і рыхтуе да выдання ягоныя ж «Сфагнум» і «Мову».

Томас тым часам распавядае пра этыкет выжывання на рынку: «Галоўнае для перакладчыка – асабістыя знаёмствы з рэдактарамі, бо менавіта яны вырашаюць, якую кнігу выдаваць і ў чыім перакладзе. У вялікія выдавецтвы невядомаму перакладчыку амаль не прабіцца. Большай часткай я супрацоўнічаю з маленькімі, як, напрыклад, LLV, у якім выйшла «Сарока на шыбеніцы», ці Voland & Quist, што выдала «Параною», – кажа Вайлер. – Але трапляюцца і буйнейшыя партнёры – нядаўна перакладзеная мной з польскай дзіцячая кніжка выйшла ў Ficher».

Мы трохі гутарым з выдаўцамі Voland & Quist. Яны адзначаюць, што «Параноя» ў Германіі сабрала добрую крытыку, а ўвесь першы наклад разышоўся за месяц. «Поспех кніжкі ўжо зараз большы, чым мы спадзяваліся, – каментуюць выдаўцы. – Цікава, што амаль усе крытыкі адзначылі перш за ўсё любоўную гісторыю ў “Параноі” і падабенства кантэкстаў з гісторыяй самой Германіі».

«Беларускія аўтары размаўляюць з Еўропай на адной мове. Хоць яе і трэба перакладаць»

Томас выбачаецца і просіць яго адпусціць – яму яшчэ бегчы на дыскусію перакладчыкаў. «У гэтым годзе нам аказалі гонар, – іранічна заўважае Томас, – далі перакладчыкам нават асобны стэнд для дыскусій».

Нягледзячы на тое, што прапановаў па перакладах руска- і польскамоўных тэкстаў робіцца ўсё больш і больш, Вайлер працягвае працаваць і з беларускай літаратурай. У 2016-м у Германіі выйдзе яшчэ адзін раман Марціновіча –  «Сфагнум», а таксама «Шалом» Артура Клінава. Абодва ў перакладзе Томас Вайлера.

Books from Belarus – гэта сумесная ініцыятыва незалежных выдаўцоў Беларусі, сярод якіх Саюз беларускіх пісьменнікаў, Літаратурны дом “Логвінаў” і 34mag.net. Мэта кампаніі – прапаганда беларускай літаратуры на сусветным кніжным рынку, наладжванне сувязяў і камунікацыі з літаратурнымі агентамі і выдаўцамі з іншых краін, фармаванне інтэлектуальнага іміджу Беларусі за мяжой.

Фота by Aleksasha, 34mag.net