Прагноз прафесара Штэйнера

Класічная літаратура не мае перспектывы, лічыць загадчык кафедры беларускай літаратуры Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Францыска Скарыны, доктар філалагічных навук, прафесар Іван Штэйнер. Свае думкі прафесар агучыў 28 траўня ў Менску на міжнароднай канферэнцыі па праблемах сучаснай беларускай літаратуры.

 

Ён адзначыў, што ў савецкія часы літаратура была "філасофіяй, эканомікай, сельскай гаспадаркай, лякарняй, метралогіяй і адукацыяй"… а пісьменнік лічыўся выключным і незвычайным чалавекам". Па словах І.Штэйнера, літаратура доўгі час захоўвала сваё прароцкае прызначэнне, аднак на першы план у творчасці пісьменнікаў выйшаў чалавек "з яго запалам, памкненнямі, надзеямі, эканамічнымі праблемамі і пошукамі сэнсу жыцця". …Аднак сёння яна не можа несці той сакральны сэнс, які ва ўсе эпохі закладваўся ў творы пісьменнікаў", - заявіў прафесар.

 

"Цяперашняе мастацтва становіцца віртуальным, тэлебачанне і кіно звужаюць прастору для літаратуры, яе арэал ва ўсіх сэнсах. Людзі не знаходзяць сэнсу ў чытанні мастацкай прозы, паэзіі і драматургіі, не маюць часу для гэтага занятку. Але ж працэс чытання з'яўляецца найскладаным працэсам творчасці для чытача", — сказаў вучоны. Па яго словах у такой сітуацыі літаратура кардынальна змяняецца ў бок скарачэння і з'яўленні новых формаў — раманаў з эсэмэсак, раманаў у выглядзе слоўнікаў і крыжаванак.

 

Разам з тым, як падкрэсліў прафесар І.Штейнер, класічная літаратура павінна застацца, паколькі пры яе адсутнасці чалавецтва "вернецца да наскальнага жывапісу".

Паводле naviny.by

Фота БелаПАН