Прамова Ніла Гілевіча на XVI З’ездзе Саюза беларускіх пісьменнікаў

Паважаныя дэлегаты, дарагія калегі і сябры!

 

Над нашай роднай мовай, як ніколі раней злавесна, навісла смяротная пагроза. Падкрэсліваю: як ніколі раней злавесна. Дарэшты агалілася стратэгічная мэта аб’яднаных антыбеларускіх сіл – задушыць канчаткова нашу мову, пазбавіць наш народ нацыянальнай самасвядомасці, гістарычнай памяці, умярцвіць у ім даастатку нацыянальны дух і цалкам асіміляваць. На ажыццяўленне гэтай нялюдскай, гэтай подлай мэты мабілізаваны ўсе такія ж нялюдскія спосабы і сродкі, а менавіта: поўнае ігнараванне Канстытуцыі РБ, паводле якой беларуская мова з’яўляецца дзяржаўнай, поўнае выгнанне беларускай мовы з дзяржаўных устаноў і з арміі, поўнае выгнанне беларускай мовы з дзіцячых садкоў, дзе пачынаецца фарміраванне чалавека, грамадзяніна, патрыёта, масавая ліквідацыя беларускіх школ і беларускіх класаў, звядзенне да ганебнага мізеру колькасці беларускамоўных перадач у тэлепраграмах, закрыццё беларускіх газет і часопісаў і многае іншае. Процістаяць гэтаму франтальнаму дзікунскаму наступу ворагаў беларушчыны на мову нацыі, на душу народа – свяшчэнны абавязак пісьменнікаў. Не толькі пісьменніка, а і ўсёй інтэлігенцыі Беларусі, але пісьменнікам адводзіцца ў гэтым процістаянні асобная роля: так распарадзілася гісторыя. Наш Саюз заўсёды быў галоўным, вядучым сярод іншых творчых саюзаў краіны. Таму я заклікаю вас і ў творчасці, і ў грамадскай чыннасці пастаянна помніць пра гэты наш найпершы клопат. Калі мы не ўратуем мову – страціць сэнс існаванне самой нашай прафесіі, самога пісьменніцкага прызвання, якое палягае ў працы са словам, і літаратура як жыватворная сіла нацыі перастане існаваць, а значыць – народ страціць сваю самую надзейную духоўна-маральную апору. Што ж у выніку? Вядома, што нашы нашчадкі, якія ўжо не будуць беларускім народам, адно горка ўсміхнуцца, зразумеўшы, як бяздарна мы на пачатку ХХІ стагоддзя распарадзіліся сваім і іхнім лёсам.

Моцна веру, што гэтага не здарыцца, і ўнукі-праўнукі нашы ў памяць сваіх дзядоў-прадзедаў удзячна скажуць: “Гонар і слава! Вытрымалі, не зламаліся, перамаглі! Гонар і слава!” Як кажам сёння гэта самае мы ў памяць Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага, Кузьмы Чорнага, у памяць Аркадзя Куляшова, Максіма Танка, Пімена Панчанкі, Янкі Брыля, Івана Мележа, Ларысы Геніюш, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, і многіх-многіх іншых, – у памяць тых, хто стварыў вялікую беларускую літаратуру, на ніве якой мы пакліканы боскаю воляй працаваць. Мы ведаем чалавечыя і творчыя лёсы нашых слаўных папярэднікаў, некаторых ведалі асабіста. Успомнім, з якім пачуццём адказнасці за ўзяты на сябе абавязак яны жылі і працавалі. Хіба ім было лёгка? Знявечанаму ў засценках ГПУ Чорнаму было лёгка? Катаржанцы ГУЛАГу Геніюш было лёгка? Ці, можа, было лёгка Быкаву? Ці Караткевічу? Але яны з годнасцю прайшлі праз усе выпрабаванні, праз усе пакуты. І на дай Бог таленавітаму пісьменніку паквапіцца на чын прыдворнага пісакі або спакусіцца роляй літартурнага блазна і скамароха! Зрэшты, з сапраўдным талентам такое здараецца рэдка.

 

Дзякую за ўвагу.

 

Ніл Гілевіч

 

10 снежня 2011 г.