Прапановы Саюза беларускіх пісьменнікаў да Міністэрстваў адукацыі, інфармацыі і культуры

Высновы і прапановы

паводле вынікаў даследавання

практыкі чытання і літаратурных зацікаўленасцяў беларусаў,

праведзенага Лабараторыяй “Новак” у чэрвені 2014 года

на замову ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”

 

У межах даследавання культуры чытання беларусаў метадам тэлефоннага інтэрв’ю ЛАД “Новак” апытала 1000 рэспандэнтаў розных узростаў і з розных рэгіёнаў пражывання. Выявілася, што мастацкую літаратуру хоць бы раз у месяц чытаюць каля 57,9% беларусаў. Колькасць рэспандэнтаў, якія ў прынцыпе не чытаюць кніг – ні мастацкіх, ні навукова-папулярных ці дакументальных, – складае каля 19%.

На пытанне “На якой мове Вы чытаеце мастацкую літаратуру?”, якое давала магчымасць выбару некалькіх варыянтаў, 99,4% рэспандэнтаў назвала рускую, і 27,7% – рускую і беларускую мовы. На пытанне “Літаратуры на якой мове Вы аддаяце перавагу?” 93,7% адказалі “На рускай” і толькі 5% – “На беларускай мове”. Такім чынам, можна гаварыць пра татальнае дамінаванне сярод беларускіх чытачоў рускай мовы.

Адказваючы на пытанне “Якіх сучасных беларускіх пісьменнікаў вы ведаеце?”, большасць апытаных не змагло назваць якія-небудзь вядомыя ім імёны. Але незадаволенасць беларускай літаратурай пасля знаёмства з яе творамі выказваюць толькі 7,2% рэспандэнтаў.

Ацэньваючы дзейнасць дзяржавы ў развіцці культуры чытання, траціна рэспандэнтаў адзначыла, што дзяржава робіць недастаткова, і ёй варта ўзмацніць сваю падтрымку ў гэтым пытанні.

 

Прапануем Міністэрству адукацыі РБ:

 

— павялічыць колькасць гадзінаў выкладання беларускай літаратуры і мовы ў школе;

— перагледзець школьныя і ўніверсітэцкія праграмы па беларускай літаратуры і мове, зрабіць іх больш разнастайнымі, актуальнымі, сучаснымі і цікавымі для навучэнцаў-чытачоў у адпаведнасці з іх узростам;

— змяніць методыкі выкладання беларускай літаратуры ў школах;

— павялічыць колькасць беларускамоўных садкоў і беларускамоўных груп у садках, колькасць беларускамоўных школаў і гімназіяў;

— стварыць цалкам беларускамоўную вышэйшую навучальную ўстанову;

— забяспечыць пісьменнікам, незалежна ад іх сяброўства ў творчых арганізацыях, роўны доступ да правядзення сустрэчаў з чытачамі ў навучальных установах краіны.

 

Прапануем Міністэрству інфармацыі РБ:

— павялічыць колькасць беларускамоўных перадач з удзелам сучасных беларускіх літаратараў на цэнтральных і рэгіянальных тэлевізійных каналах, а таксама перадач, прысвечаных кніжным навінкам;

— увесці ці аднавіць рубрыкі, прысвечаныя навінкам сучаснай беларускай літаратуры, у грамадска-палітычных газетах, на радыё і тэлебачанні, павялічыць колькасць публікацый і перадач, прысвечаных пісьменнікам;

— забяспечыць роўны доступ да сеткі кніжнага гандлю і бібліятэк для дзяржаўных і недзяржаўных выдавецтваў;

— аднавіць кніжныя аддзелы ў крамах буйных мястэчак і гарадоў;

— выйсці з хадайніцтвам да Савета міністраў РБ аб істотным памяншэнні падаткаў на выраб і продаж кніжнай прадукцыі кнігавыдаўцоў у Беларусі.

 

 

Прапануем Міністэрству культуры РБ:

 

— забяспечыць пісьменнікам, незалежна ад іх сяброўства ў творчых арганізацыях, роўны доступ да правядзення сустрэчаў з чытачамі ў бібліятэках краіны;

— павялічыць колькасць нацыянальных і міжнародных у Беларусі літаратурных фестываляў;

— выйсці з хадайніцтвам да Савета міністраў РБ пра змяншэнне арэнднай платы для кнігарняў і прызнанне кнігарняў установамі культуры, а не кропкамі гандлю.

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА: КУЛЬТУРУ ЧЫТАННЯ БЕЛАРУСАЎ АБМЕРКАВАЛІ Ў МІНСКУ

ЛІТАРАТУРА БЕЗ ЧЫТАЧА

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"