"ПрайдзіСвет" наведаў Магілёў

Часопіс спецыялізуецца на перакладах літаратурных твораў з самых розных моваў свету. Колькасць донарскіх моваў паступова пашыраецца, і зараз ужо знайшлася дзяўчына, якая бярэцца перакладаць з хіндзі.

“ПрайдзіСвет” прадстаўлялі тры дзяўчыны – Кацярына Маціеўская, Ганна Янкута і Алеся Башарымава. Яны распавялі пра канцэпцыю часопіса, пра яго набыткі, больш падрабязна спыніліся на апошнім, 12-м нумары, прысвечаным нямецкай літаратуры. Асобнай тэмай стаў расповед пра кнігі, выдадзеныя ў бібліятэцы часопіса “ПрайдзіСвет” пры падтрымцы Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Алеся Башарымава, Кацярына Маціеўская і Ганна Янкута

Дзве кнігі – “Маска чырвонае смерці” Эдгара По і зборнік дэтэктыўнага апавядання “Злачынства, сэр!” – былі прэзентаваныя. Некаторыя творы ці фрагменты твораў “прайдзісветаўкі” досыць прывабна агучвалі, што дадало цікавасці прысутных. Яшчэ болей ажывілі вечарыну моўныя гульні з прызамі ад “Будзьма”.

Таццяна Барысік і Алеся Башарымава

Міхась Булавацкі

Здзіўляе, што колькасць асоб у Беларусі, якія займаюцца перакладніцкай справай, перасягнула сотню. Але нават калі іх стане тысяча, то перакласці на мову ўсё вартаснае, што з’яўляецца ў сусветнай літаратуры, немагчыма. Таму трэба імкнуцца выбіраць самае лепшае.

“ПрайдзіСвет” трымае марку высока, аб чым можна пераканацца, зазірнуўшы на сайт prajdzisvet.org. Далучайцеся да лепшых узораў сусветнай літаратуры з дапамогай “ПрайдзіСвета”!

 

Міхась Булавацкі, для lit-bel.org

Фотаздымкі Надзеі Бацілавай