"ПрайдзіСвет" вярнуўся з Афрыкай

Выйшаў сёмы нумар інтэрнэт-часопіса перакладной літаратуры “ПрайдзіСвет”, прысвечаны афрыканскай літаратуры і літаратуры пра Афрыку “Finis Africae”. У перакладзе на беларускую мову ў часопісе прадстаўленыя творы афрыканскіх пісьменнікаў, як сучаснікаў, так і класікаў, проза і паэзія еўрапейскіх і амерыканскіх аўтараў, тым ці іншым чынам звязаная з “чорным кантынетам”, а таксама крытычныя артыкулы і агляды, якія закранаюць праблемы і асаблівасці афрыканскага літаратурнага свету ў беларускім кантэксце.

За савецкім часам, ды і пасля здабыцця Беларуссю незалежнасці літаратуры афрыканскіх краінаў былі прадстаўленыя па-беларуску больш чым сціпла. Выйшла ўсяго некалькі асобных выданняў і крыху невялікіх публікацыяў у газетах і часопісах; многія тэксты перакладаліся праз пасярэдніцтва рускай мовы. Зусім не было перакладаў з уласна афрыканскіх моваў (адзінае выключэнне – пераклады, зробленыя Уладзімірам Палупанавым з малагасійскай). У гэтым нумары “ПрайдзіСвета” рэдакцыя выдання бярэ на сябе смеласць крыху палепшыць сітуацыю, адкрываючы чытачам як творы новых і сучасных паэтаў і празаікаў з Нігерыі, Сенегалу, Заходняй Афрыкі, ПАР, Анголы і інш., так і звяртаючыся да творчасці ўжо вядомых аўтараў – нобелеўскіх лаўрэатаў Ўоле Шоінкі, Жана-Мары Леклезіё, Дж. М. Кутзэе, а таксама лаўрэатаў прэстыжных афрыканскіх літаратурных прэміяў. Яшчэ адна адметнасць нумару – першыя беларускія пераклады з мовы афрыкаанс.

Традыцыйна ў нумары, апроч уласна перакладаў, крытычных артыкулаў і аглядаў змешчаныя інтэрв’ю (са славацкім пісьменнікам Марэкам Вадасам, беларускім празаікам і перакладчыкам Альгердам Бахарэвічам, а таксама перакладчыкам яго рамана “Сарока на шыбеніцы” на нямецкую Томасам Вайлерам), пераклады пераможцаў конкурсу і чарговы майстар-клас – гэтым разам ад перакладчыка і выдаўца Змітра Коласа, які мае досвед не толькі афрыканскіх перакладаў, але і жыцця на “чорным кантыненце”.

Прэс-служба СБП