Прайшла прэзентацыя кнігі-споведзі Рыгора Барадуліна

Пабачыць Прайшла прэзентацыі кнігі-споведзі прыйшлі каля 50 чалавек.

Кніжку Барадуліна на прэзентацыі спрабавалі парваць

На імпрэзе былі госці чаканыя і нечаканыя. Пра Барадуліна казалі яго сябры Генадзь Бураўкін і Уладзімір Някляеў. Маленькай сенсацыяй стала з’яўленне перакладчыка і былога старшыні фінскага ПЭН-цэнтра Юка Малінена, які колісь уладкаваў побыт Васіля Быкава ў Хельсінкі. Ён сказаў нямала цёплых словаў і пра «Рыгор’я» Барадуліна, адшукаўшы ў яго паэзіі паўночную фінскую струну.«Шапран на роўных гаварыў з Барадуліным», — заўважыў Генадзь Бураўкін, даўні сябра-аднакашнік дзядзькі Рыгора.

Ён прызнаўся, што, прачытаўшы кнігу, наноў адкрыў для сябе некаторыя эпізоды барадулінскай біяграфіі. Спадар Генадзь панаракаў, што кніга склееная, а не сшытая, а значыць больш уразлівая да перагортванняў і перагінанняў. У абарону выдаўцоў выступіў Міхась Скобла, які паспрабаваў кніжку жартам парваць, каб даказаць яе якасць. Яго спынілі.

Рэдактар НН Андрэй Скурко адзначыў, што кніга вартая таго, каб за права яе выдаць біліся найбуйнейшыя дзяржаўныя выдавецтвы. «Яны ад яе адбіваліся», — сумна пажартаваў Генадзь Бураўкін.

Уладзімір Някляеў, парывіста прыціскаючы руку да сэрца, дзякаваў Сяргею Шапрану. Паэт згадваў, як у свой час пачынаў запісваць успаміны актрысы Ларысы Александроўскай, аднак тая праца не была завершаная.

Фіксацыя ўспамінаў — няпростая справа, аднак дапамагае дакрануцца да унікальнай гісторыі.

Не абмінулі ў часе гутаркі і Караткевіча, які прысвяціў Барадуліну «Ладдзю роспачы». «Калі б Гервасій Выліваха пісаў вершы, яны былі б такімі, як у Барадуліна», — казаў Міхась Скобла, падкрэсліваючы жыццесцвярджальнасць паэзіі дзядзькі Рыгора. Песню «Дробненькі дожджык» з тае аповесці, а таксама песні на вершы Барадуліна, цудоўна праспявала пад гітару Таццяна Матафонава.

 

Выданне можна набыць у кнігарні «Логвінаў» (пр. Незалежнасці, 37а), хутка яно трапіць у іншыя кнігарні і да незалежных распаўсюднікаў.

 

nn.by