«Прайшоў вялікае і годнае жыццё» — з Міколам Аўрамчыкам развіталіся ў Мінску

Мікола Аўрамчык на вечарыне ў гонар свайго 95-годдзя. 2015. Фота Вікі Трэнас

Да Міколы Якаўлевіча прыйшлі родныя і блізкія, сябры, маладзейшыя калегі і прыхільнікі творчасці, каб сказаць астатнія словы, правесці ў апошні шлях, прыгадаць яркія моманты сустрэч з пісьменнікам.

Міколу Якаўлевічу давялося перажыць многае, у ягоную долю ўмясціліся б некалькі чалавечых жыццяў. Ён прайшоў праз нямецкі палон і савецкія рэпрэсіі, праз непасільную працу на шахтах, праз холад і голад, пры гэтым захаваўшы незгасальны аптымізм, тонкае пачуццё гумару, дабрыню і чалавечнасць. Гэтыя якасці пісьменнік імкнуўся не толькі выказваць і ў творчасці, і ў штодзённых учынках, а таксама прывіваў іх сваім маладзейшым калегам. Ён стаў настаўнікам для некалькіх пакаленняў беларускіх пісьменнікаў, ад так званых "шасцідзясятнікаў" да тых, хто прыйшоў у літаратуру ў пачатку 2000-х.

На развітанні прысутнічалі Анатоль Бутэвіч, Анатоль Вярцінскі, Генрых Далідовіч, Леанід Дранько-Майсюк, Сяргей Законнікаў, Васіль Зуёнак, Людміла Карпава, Міхась Кенька, Валерыя Навуменка, Міхась Тычына, Кастусь Цвірка ды іншыя.

Быў ускладзены вянок ад імя ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў". Ушанавалі памяць спадара Міколы Старшыня арганізацыі Барыс Пятровіч (Сачанка), намеснік Старшыні Алесь Пашкевіч, маладзейшыя літаратары Ціхан Чарнякевіч і Віка Трэнас.

Пахавалі Міколу Якаўлевіча на Паўночных могілках у Мінску.

Глядзіце таксама: рэпартаж да 95-годдзя пісьменніка з фотаздымкамі і аўдыя, зроблены 23 студзеня 2015 года.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"