Празаіку Юрыю Станкевічу — 70!

Шаноўны спадар Юры! Прыміце нашыя шчырыя віншаванні з сямідзесяцігоддзем і пажаданні ўсяго найлепшага — моцнага здароўя, дабрабыту, плённай творчай дзейнасці і поспехаў у справах!
ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"
Юры Станкевіч нарадзіўся 21 студзеня 1945 г. у Барысаве. Яго бацьку пасля вайны выслалі ў лагер за «здраду радзіме»: трапіў у нямецкі палон, збег, далучыўся да Беларускай самапомачы.
Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, працаваў у барысаўскай газеце «Камуністычная праца», часопісах «Маладосць» і «Крыніца».
У савецкі час яго творы друкаваліся рэдка. Іх публікацыю часам спынялі за тое, што ў іх «мала грамадзянскасці», за «ачарненне нашай рэчаіснасці».
Раман Юрыя Станкевіча «Любіць ноч — права пацукоў», у якім аўтар паказаў праблему «прыхадняў», стаў культавым і выклікаў бурлівыя грамадскія абмеркаванні. Пасля выхаду кнігі на аўтара пасыпаліся абвінавачанні ў расізме. Але менавіта гэты твор узняў яго на хвалю папулярнасці. Кніга застаецца ці не самай вядомай сярод твораў сучасных беларускіх пісьменнікаў.
Юры Станкевіч — аўтар кніг «Апладненне ёлупа», «Мільярд удараў», «П’яўка», «Шал». Жыве ў Барысаве.
Паводле матэрыялаў інтэрнэту