Пражская вясна прыйшла ў Мінск разам з фестывалем "Шэнгенка"

У межах фестывалю сярэднееўрапейскай літаратуры “Шэнгенка” адбылася прэзентацыя адразу чатырох кніг культавых чэшскіх аўтараў. Калі меркаваць з імпрэзы, ніводнае з прадстаўленых выданняў немагчыма абмінуць увагай.

Для беларусаў чэшская літаратура блізкая і актуальная”, — лічыць Сяргей Сматрычэнка. Восем гадоў таму ён пачаў “Чэшскую калекцыю”, у межах якой пабачылі свет у перакладзе на беларускую мову шэраг кніг класікаў і сучасных папулярных аўтараў. Адкрылася серыя раманамі “Зваўчэнне” Антаніна Баяі і “Гук сонечнага гадзінніка” Ганы Адранікавай. Сёлета выйшла ажно чатыры кнігі, якія прывезлі з друкарні літаральна за гадзіну да пачатку літаратурна-тэатральнай імпрэзы. Перакладчыкі расказвалі пра творы, а акторы чыталі ўрыўкі з іх.

Рэдактар беларускага выдання рамана “Я абслугоўваў англійскага караля” аўтара “піўной” літаратуры Багуміла Грабала Лявон Баршчэўскі заўважыў, што для яго гэты твор — адзін з самых улюбёных. Дагэтуль паважаны філолаг чытаў яго па-польску і ў арыгінале. Цяпер з раманам у перакладзе Марыйкі Мартысевіч можа пазнаёміцца і беларускамоўная публіка. “Для чаго ўласна патрэбны пераклад?” — задаўся пытаннем Баршчэўскі. Для таго, каб з дапамогай перакладной літаратуры закрануць пласты, якіх не хапае ў нас, і развіць гарадскую беларускую мову. Грабала вельмі актыўна перакладаюць ва ўсім свеце, а для беларусаў яго “славянская плынь свядомасці” будзе зразумелай і практычна роднай. Урывак з “Я абслугоўваў англійскага караля” чытаў актор Павел Харланчук, які канчаткова пераканаў прысутных, што з гэтым творам неабходна пазнаёміцца. Аповед вядзецца ад імя афіцыянта, які марыць спазнаць і скарыць свет ды трапляе ў розныя прыгоды.

Другую кнігу — раман “Моцны Жбуць” Ірэны Доўскавай — прадстаўляла перакладчыца Вераніка Бяльковіч, якая ўжо пераклала на беларускую шыкоўны твор “Гук сонечнага гадзінніка”. Яна ўсімі сіламі імкнулася захаваць інтрыгу кнігі, а таму не захацела тлумачыць сэнс назвы, у якой уласна і ёсць асноўнае напружанне твора. Падчас працы над беларускім перакладам Вераніка кансультавалася з самой аўтаркай і заўважыла, што шмат у чым раман аўтабіяграфічны. У ім вядзецца пра гісторыю шасцігадовай дзяўчынкі, якая жыве ў сацыялістычнай Чэхаславакіі. Рэдактарка кнігі Ганна Янкута заўважыла, што не сустракала яшчэ ў літаратуры такога яскравага выяўлення ўнутранага свету дзіцяці. Хоць кніга, канечне, разлічаная на дарослую публіку. Эпізод з рамана вельмі эмацыйна і пранікнёна прачытала Ганна Хітрык, у якой цудоўна атрымалася прапусціць тэкст праз сябе. Акторцы твор падаўся вельмі блізкім, яна пабачыла саму сябе ў галоўнай гераіні, якая нарадзілася ў акторскай сям’і, а таму штодня бывае ў тэатры. Чакае перакладу працяг “Моцнага Жбуця”, які аўтарка ўжо напісала.

Кнігу выбраных твораў гуру чэшскага андэрграунда Эгана Бонды прадстаўляў рэдактар выдання Віктар Жыбуль. Гэты аўтар — культавы для чэхаў, але беларусам практычна не вядомы. Яго прыхільнасць да сацыялістычнай ідэалогіі спалучалася з будызмам, ён пісаў тэксты для рок-каманды The Plastic People of the Universe, творчасць якой у ЧССР была пад забаронай, аднак ў 1989 годзе расчараваўся ў аксамітнай рэвалюцыі ды з’ехаў у знак пратэсту супраць падзелу краіны з Прагі ў Браціславу. Памёр паэт і філосаф трагічна — заснуў з цыгарэтай і згарэў.  Прадэкламаваць адзін з яго вершаў ад імя чэшскай працоўнай узяўся сам Жыбуль. Дарэчы, твораў Бонды ў перакладзе на беларускую больш, чым у перакладзе на рускую. Раней чэха перакладаў Ян Максімюк, гэтую ж кнігу ўзяў на сябе Макс Шчур.

Чацвертая кніга — раман “Цудоўныя гады сабаку пад хвост” аўтарства Міхала Вівега, які пераклаў Сяргей Сматрычэнка. Шмат каму запомніўся яго ж пераклад Вівега “Выхаванне дзяўчат у Чэхіі”, што друкаваўся ў часопісе “Arche” 11 гадоў таму, але так і не выйшаў асобнай кнігай. За “Цудоўныя гады” перакладчык узяўся, бо гэта, бадай што, самая знакавая кніга для самога аўтара: дзякуючы ёй Вівег атрымаў вядомасць у Чэхіі, а потым і ва ўсім свеце. Цяпер Вівег — адзін з нешматлікіх камерцыйна паспяховых сучасных аўтараў у сваёй краіне. Яго раман у нечым падобны да “Моцнага Жбуця”: у нечым аўтабіяграфічны аповед, прасякнуты гумарам і іроніяй, таксама вядзецца ад імя дзіцяці. Раман зрабіўся бестселерам у шэрагу краінаў Еўропы, паводле яго быў зняты мастацкі фільм. Урыўкі, ці дзённікавыя запісы, ад імя галоўнага героя, хлопчыка Квіда, пад агульны смех залы Ганна Хітрык і Павел Харланчук чыталі разам.

Чэхі пішуць так плённа, захапляльна і цікава, што не варта засяроджвацца на нейкім пэўным аўтары, бо хочацца паказаць як мага больш шырокую карціну гэтай у нечым роднаснай нам літаратуры”, — падсумаваў Сяргей Сматрычэнка, з чаго можна зрабіць выснову, што “Чэшская калекцыя” будзе мець працяг.

Сам жа фестываль сярэднееўрапейскай літаратуры “Шэнгенка” працягнецца ў пятніцу, 29 сакавіка. У гэты вечар будуць таксама прадстаўленая чатыры кнігі,  у якіх пра трагічныя падзеі еўрапейскай гісторыі ХХ стагоддзя расказваецца не праз цытаты, лічбы і факты, а праз успаміны, эмоцыі і перажыванні. Сярод іх — твор Нобеля-2002 венгра Імрэ Кертэса, які на аснове ўласных успамінаў пра Асвенцым і Бухенвальд напісаў кнігу “Страчаны лёс”.

 

Сяргей Будкін, budzma.org
Фота: Зарына Кандрацьева