Прэм'ера "Пінскай шляхты"

У тэатры імя Янкі Купалы адбылася прэм’ера спектакля рэжысёра Мікалая Пінігіна паводле фарсу‑вадэвіля Вінцэнта Дуніна‑Марцінкевіча «Пінская шляхта».

 

 

І гэтым разам, як звычайна, калі паказвае прэм’еру Мікалай Пінігін, у залі Купалаўскага тэатру не было дзе носа ўбіць. Ізноў — забытая айчынная класіка. Ізноў — ашаламляльны поспех, сакрэт якога Пінігін даўно адкрыў: ня вельмі аддаляючыся ад класічнага тэксту і нацыянальнай сцэнічнай традыцыі, знайсці актуальную ідэю ў старым творы, весці яе да фіналу, дзе паставіць грандыёзны пластычны эпілог.

Так здарылася і з «Пінскай шляхтай» — п’есай, якую звычайна ставілі аматарскія калектывы. А вось жа ў XXI стагоддзі, у новай Беларусі ёй знайшлося месца на першай драматычнай сцэне краіны. Прымітыўныя з гледзішча сучаснай драматургіі сюжэтныя хады і дыялогі адной з першых беларускіх п’есаў не перашкодзілі рэжысёру і вярнуць сучаснаму беларусу забыты тэкст, і прыдумаць спэктакль вострага сучаснага гучання. Пінігін не быў бы Пінігіным, каб было інакш. Так было з трыма папярэднімі спектаклямі на купалаўскай сцэне — «Тутэйшымі» Янкі Купалы, «Ідыліяй» Дуніна‑Марцінкевіча і «Сымонам‑музыкам» Якуба Коласа.

Амаль паўтары гадзіны дзея развіваецца ў традыцыі фарсу‑вадэвіля. Акторы падрабязна, са смакам іграюць аперэтку. На фоне традыцыйнага насценнага дыванка з выявай беларускіх краявідаў «ад мора да мора» ў абрамленні расліннага арнаменту акторы спяваюць куплецікі, танчаць, тэатралізуюць маналогі. Магчыма, занадта падрабязна, але ж артысты‑купалаўцы відавочна засумавалі па класічным нацыянальным рэпертуары.

Гледачам хапае часу пасмяяцца, суправадзіць кожную сцэну плясканнем у далоні, з настальгіяй успомніць былых майстроў купалаўскай сцэны, якія вось гэтак жа маляўніча ігралі ў народных камедыях.

І ў «Пінскай шляхце» традыцыйна для пастановак Пінігіна ў галоўнай ролі станавога прыстава Кручкова — Віктар Манаеў. Карыкатурны на пачатку, ягоны Кручкоў пад фінал вырастае да знаку ўлады‑акупанта, улады‑рабаўніка, якая разам з апошняй капейчынай забярэ і свядомасць, і годнасць, і краіну. Ды так хітра, што ня толькі шараговы народ, а і эліта гэтага і не заўважаць.

Сатыру Дуніна‑Марцінкевіча на беларускую шарачковую шляхту і на царскіх чыноўнікаў‑кручкатвораў Пінігін выводзіць на гістарычную драму цэлага народу. Праз паўтара стагоддзя мы значна больш ведаем пра тое, пра што пісаў класік. А менавіта: што «временное присутствие» і фанабэрыстасць мясцовай шляхты сталі прычынай згубы колісь магутнай, а пасля абрабаванай расейскімі акупантамі дзяржавы.

З гэтага ведання і паўстае эпізод, калі Кручкоў Манаева ліслівым тонам будзе тлумачыць шляхце, што ён жа ім родны, а над іх галовамі праплывуць цюкі з нарабаваным дабром. Завершыцца пагрузка, і на сцэну выедзе велічэзны воз, дзе сярод мяхоў прымосціцца маленькі чыноўнічак, які зрабіў сваю справу. Прадстаўнік расейскай улады скраў усё, нават гадзіннік — час.

Ён яшчэ абавязкова вернецца, бо паспеў перад ад’ездам нацкаваць чарговую пару шляхціцаў і падкінуць ім калы, як трэскі ў вогнішча. І ў разгорнутым эпілогу, зноў жа традыцыйным для Пінігіна, шляхцюкі чарговым разам будуць дубасіць адзін аднаго, аж пакуль не зразумеюць, што страцілі краіну, якая колісь мела вялікую моц. Ачуўшыся, яны дастануць прыхаваныя на целе штандары знакамітых і ўплывовых шляхецкіх родаў, наматаюць іх і на тыя ж калы, як анучы на швабры, а пасля распрастаюць іх, велічныя, на крыжах.

Ідэю спектакля рэжысэр Пінігін і не хавае. Ён падае яе наўпрост — у мізансцэнах, жэстах, касцюмах, рэквізіце. Вось толькі адзін прыклад такой вобразнасці. Кручкоў штампуе свае пастановы велічэзнай пячаткай у выглядзе пазалочанага двухгаловага арла, а Пісулькін прыборам у выглядзе зноў жа пазалочанай гільятыны абразае паперкі з прысудамі шляхце, нібы яе галовы…

Віншуючы рэжысёра з чарговым поспехам, я нагадаў яму, што ўжо даўно няма ў рэпертуары купалаўцаў найлепшай, як з майго гледзішча, беларускай драмы «Раскіданае гняздо» Янкі Купалы. Мікалай Пінігін адказаў: «Буду мець на ўвазе, але гэта залежыць ад тэатру».

Радыё Свабода