Прэм'ера спектакля "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" пройдзе ў Віцебску
Як паведаміла TUT.BY кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі тэатра Марына Пятрова, спектакль паставіў рэжысёр Міхась Краснабаеў. Жанр пастаноўкі ён абазначыў як "Евангелле ад Іуды". Такі ж самы падзагаловак свайму раману даў і Уладзімір Караткевіч.
“Кожная прытча, раман, п’еса Уладзіміра Караткевіча – гэта чароўная сумесь глыбокага рамантызму, велічнасці гісторыі і трапнага, сакавітага гумару. Спектакль "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" захаваў гэтыя якасці і прапануе гледачу вандроўку ў свет узнёслай беларускасці, якой падчас не стае сёння”, – адзначыла Марына Пятрова.
У спектаклі занятая большая частка коласаўскай трупы. Галоўную ролю – шкаляра Юрася Братчыка, якога людзі ўспрымаюць як “народнага Хрыста” – даверылі сыграць маладому акцёру Дзмітрыю Каваленку. У якасці замены гэтага артыста на сцэну можа выходзіць сам рэжысёр, Міхась Краснабаеў.
Гэта не першая пастаноўка паводле Караткевіча на коласаўскай сцэне. Віцебскія гледачы вельмі добра прымаюць спектаклі "Ладдзя Роспачы" і "Леаніды не вернуцца на зямлю". Раней у рэпертуары драмтэатра была пастаноўка "Званы Віцебска".
Адкрыццё новага творчага сезону ў тэатры імя Якуба Коласа адбудзецца праз месяц, 4 кастрычніка.
Раман У. Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” прысвечаны падзеям беларускай гісторыі XVI стагоддзя. Да напісання рамана пісьменніка заахвоціла змешчаная ў "Хроніцы Белай Русі" Мацея Стрыйкоўскага згадка пра з'яўленне на Гродзеншчыне пры караліЖыгімонце І Старым самазванца, які "сабе прыпісаў і прыўлашчыў" Хрыстова імя,"шалбера па імю Якуб Мялшцінскі". Гэта раман-прытча, філасофскі роздум аб прызначэнні чалавека, расповед пра лёс прадстаўнікоў самых розных класаў і праслоек. Пераважная большасць герояў народжаны фантазіяй пісьменніка. Выключэнне складае Кашпар Бекеш (1520-1579), беларускі мысліцель-антытрынітарый. На беларускай мове раман упершыню пабачыў свет у 1972 годзе.
![]() |
![]() |
Таццяна Мацвеева
Фота: kolastheatre.by
tut.by