Прэмія Гедройца: адкрыўся новы сезон

У журы Прэміі ўвайшлі:

 

Уладзімер Арлоў — паэт, празаік, гісторык;

Ігар Бабкоў — празаік і філосаф, лаўрэат прэміі Гедройца 2014;

Малгажата Бухалік — перакладчыца;

Адам Глобус — празаік, фіналіст прэміі Гедройца 2013;

Ганна Кісліцына — літаратуразнаўца, літаратурны крытык;

Андрэй Федарэнка — празаік, фіналіст прэміі Гедройца 2012;

Ціхан Чарнякевіч — літаратуразнаўца, літаратурны крытык;

Ганна Янкута — літаратурны крытык, перакладчыца.

 

Менавіта журы вызначае лёс узнагародаў Прэміі Гедройца:

— чэка на суму, якую кожны год вызначае "Ідэя Банк", — для першага месца;

— перакладу твора на польскую мову альбо творчай стыпендыі ў Доме творчасці пісьменнікаў (г. Вісбю, Готланд, Швецыя) — для другога месца;

— творчай стыпендыі ў Вентспілсе (Латвія) — для трэцяга месца.

 

Кнігі для ўдзелу ў конкурсе можна даслаць да 31 студзеня 2015 года праз афіцыйны сайт прэміі: gedroyc.by, на паштовы адрас: 220050, Мінск, п/с 218, а таксама на электронны адрас: info@pen-centre.by.

Заяўка мусіць утрымліваць наступныя звесткі:

а) інфармацыя пра намінатара, што вылучае твор на Прэмію: кантактныя нумары тэлефонаў і адрасы;

б) кароткая творчая біяграфія аўтара альбо ўсіх суаўтараў, калі твор напісаны ў суаўтарстве;

в) анатацыя кнігі;

г) урывак да 10 тысячаў знакаў, які будзе размешчаны на сайце Прэміі;

д) пажадана — адрасы крамаў, дзе можна набыць кнігу, ці спасылкі, па якіх яе можна спампаваць у электронным варыянце.

Да заяўкі неабходна далучыць 7 асобнікаў у папяровым і 1 асобнік у электронным варыянце. Заяўкі без электроннай версіі і 7 асобнікаў кнігі прымацца да ўдзелу ў конкурсе не будуць.

Сёлета акцэнт у звязаных з Прэміяй Гедройца мерапрыемствах будзе рабіцца на кароткім спісе. Арганізатары правядуць прэзентацыі кніг, што трапілі ў кароткі спіс, а на сайце Прэміі з’явяцца па дзве рэцэнзіі на кожную з гэтых кніг.

Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройца ўручаецца з 2012 года. Папярэднія пераможцы прэміі: Павел Касцюкевіч з кнігай “Зборная РБ па негалоўных відах спорту” (2012), Уладзімір Някляеў з кнігай “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” (2013), Ігар Бабкоў з кнігай “Хвілінка: Тры гісторыі” (2014).

Паводле арганізатараў