Прэмія Гедройца за найлепшую кнігу прозы 2011

Амбасада Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь

Польскі Інстытут у Мінску
Беларускі ПЭН-Цэнтр
Саюз беларускіх пісьменнікаў

абвяшчаюць пра заснаванне ЛІТАРАТУРНАЙ ПРЭМІІ ГЕДРОЙЦА 
за найлепшую кнігу прозы, якая выйшла ў 2011 годзе на беларускай мове.

 

Ежы Гедройц

 

МЭТЫ ПРЭМІІ 
- ушанаваць памяць Ежы Гедройца (Erzy Gedroyc) (1906 – 2000) – публіцыста, палітыка, заснавальніка і рэдактара парыжскага грамадска-палітычнага часопіса «Kultura» на польскай мове. Ежы Гедройц нарадзіўся ў 1906 годзе ў Мінску і ў сваёй культурнай дзейнасці быў паслядоўным прыхільнікам добрасуседскіх зносінаў паміж Польшчай і Беларуссю, Літвой, Украінай;
- паспрыяць паглыбленню польска-беларускіх стасункаў у галіне культуры;
- папулярызаваць сучасную беларускую літаратуру ў Беларусі і Польшчы
- падтрымаць актуальных беларускіх пісьменнікаў, паспрыяць выхаду іх творчасці на міжнародны ўзровень

УМОВЫ ПРЭМІІ
Літаратурная прэмія Гедройца прысуджаецца за найлепшую кнігу, якая была выдадзеная (у папяровым або электронным варыянтах) у 2011 годзе на беларускай мове ў жанрах мастацкай прозы і эсэістыкі (журы прэміі пакідае за сабой права вызначаць жанр твораў у спрэчных выпадках). 

Намінаванне пройдзе ў тры этапы. На пачатку 2012 г будзе абвешчаны лонг-ліст прэміі (12 пазіцыяў). На пачатку лютага будзе абвешчаны шорт-ліст прэміі (6 пазіцыяў). Абвяшчэнне і ўшанаванне пераможцы(-аў) адбудзецца 3 сакавіка 2012 года, у Міжнародны дзень пісьменніка. Сярод узнагародаў – магчымасць выдаць кнігу ў Польшчы, літаратурныя стыпэндыі і запрашэнні ў еўрапейскія дамы творчасці. 

Права прапаноўваць кнігі для ўключэння ў лонг-ліст прэміі маюць: сябры журы, дырэктары выдавецтваў, кіраўнікі творчых суполак і пісьменніцкіх арганізацыяў і (у перспектыве) лаўрэаты прэміі папярэдніх гадоў. Для намінацыі кнігі на прэмію неабходна даслаць або перадаць у сядзібу Беларускага ПЭН-Цэнтра падпісаную заяўку ў адвольнай форме, далучыўшы да яе 5 асобнікаў намінаванай кнігі.

ЖУРЫ ПРЭМІІ
Валянцін Акудовіч – філосаф, эсэіст
Маргарыта Аляшкевіч – літаратурны крытык
Уладзімір Арлоў – паэт, празаік, эсэіст
Пётр Казакевіч – дырэктар Польскага Інстытута ў Мінску
Адам Паморскі – перакладчык, прэзідэнт Польскага ПЭН-клубу
Барыс Пятровіч – празаік, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў, галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў”
Людміла Рублеўская – паэтка, пазаік, літаратурны крытык
Андрэй Хадановіч – паэт, перакладчык, старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтра.
Лешак Шарэпка– Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь (ганаровы старшыня журы).

КАНТАКТЫ ДЛЯ ПАДАЧЫ ЗАЯВАК
Паштовы адрас: 220050 Мінск, а/с 218.
Адрас сядзібы Беларускага ПЭН-Цэнтра: г.Мінск, вул. Залатая горка 2-101.

ТЭРМІН ПАДАЧЫ ЗАЯВАК
Журы працуе з канца лістапада 2011 года. На сёння разгледжана больш за дваццаць кніжных пазіцыяў. Аднак у ахвочых яшчэ ёсць магчымасць падаць заяўку да 10 студзеня 2012 г.
Даведкі па пытаннях вылучэння:             (017)2881461       (з 9:00 да 16:00 па буднях) e-mail:pen@vessobel.by

 

Паводле арганізатараў