Прэмію Багушэвіча атрымаў Зьміцер Матвейчык, Адамовіча — Алесь Бяляцкі

Прэмію Алеся Адамовіча атрымаў палітвязень Алесь Бяляцкі за кнігу «Асьвечаныя беларушчынай». Прэмію БагушэвічаЗьміцер Матвейчык за кнігу «Паўстаньне 1863-64 гадоў: нарыс баявых дзеяньняў».

Натальля Пінчук прымае прэмію для Алеся Бяляцкага

За Алеся Бяляцкага прэмію атрымала ягоная жонка Натальля Пінчук.

Яна паведаміла, што зьняволены праваабаронца ўжо ведае пра ўзнагароду.

Пінчук зачытала зварот Бяляцкага: «Кніга займела пэўны падтэкст, бо пытаньні, якія ў ёй уздымаюцца, важныя для пэрспэктывы існаваньня нашага народу. (...) Беларусь ёсьць там, дзе ёсьць беларуская сьвядомасьць, культура і мова. Калі нашыя суседзі такім чынам выначаюць для сябе „руcский мир“, то мы вызначаем „беларускі сьвет“ і адстаім яго», — піша Алясь Бяляцкі.

Натальля Пінчук дадала, што сам аўтар ацэньвае «Асьвечаныя беларушчынай» як падсумаваньне 25-гадовай працы.

Натальля Адамовіч, дачка Алеся Адамовіча, у гонар якога была застанаваная прэмія, заявіла, што Бяляцкі стаў 34-м ляўрэатам гэтай ўзнагароды.

«Раней кнігі спальвалі, а цяпер — новая форма: забарона на ўвоз», — адзначыла Натальля Адамовіч, гаворачы пра важнасьць кнігі.

3 ліпеня 2013 году на літоўска-беларускай мяжы ў праваабаронцы Тацяны Равякі мытнікі канфіскавалі 40 асобнікаў кнігі Алеся Бяляцкага «Асьвечаныя беларушчынай», якую надрукавалі ў Літве. Тацяна Равяка везла асобнікі для сяброў Бяляцкага.

Пазьней на падставе заключэньня экспэртаў суд зрабіў выснову, што кніга ўтрымлівае матэрыялы, якія могуць нанесьці шкоду эканамічным і палітычным інтарэсам краіны, і паставіў вывезьці кнігі назад у Літву.

У 2011-м аўтара кнігі Алеся Бяляцкага суд пакараў чатырма з паловай гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці за нясплату падаткаў з ахвяраваньняў, якія пайшлі на дзейнасьць праваабарончага цэнтру «Вясна» і дапамогу палітвязьням.
 


 


Прэмія Багушэвіча — за кнігу пра паўстаньне Кастуся Каліноўскага


Гісторык Зьміцер Матвейчык атрымаў прэмію імя Францішка Багушэвіча за кнігу «Паўстаньне 1863-64 гадоў: нарыс баявых дзеяньняў».

«Асабіста я знайшоў, чытаючы гэтую кнігу, некалькі сюжэтаў для гістарычных аповесьцяў і раманаў. Ня толькі я і, можа, зусім ня я напішу кнігі пра гэта», — заявіў Уладзімер Алоў, прадстаўляючы кнігу Матвейчыка.

«Спадзяюся, што вы выдадзіце цэлую бібліятэку кнігаў з вынікамі вашых дасьледаваньняў», — сказаў Уладзімер Арлоў, уручаючы прэмію.

Сам Матвейчык кажа, што ягоная кніга — не клясычная гістарычная проза, а навукова-папулярнае выданьне.

«На першым месцы складнік „навуковы“, бо не хацелася адрывацца ад гістарычнага матэрыялу», — заявіў аўтар, атрымліваючы ўзнагароду.
 


  

Прэмія імя Алеся Адамовіча — штогадовая літаратурная прэмія Беларускага ПЭН-цэнтру, заснаваная ў 1995 годзе. Уручаецца за найлепшую публіцыстычную кнігу году.


Прэмія імя Францішка Багушэвіча — штогадовая літаратурная прэмія Беларускага ПЭН-цэнтру. Заснаваная ў 1994 годзе. Уручаецца за выдатную гістарычную прозу аўтарам кніг, якія спрыяюць абуджэньню гістарычнай самасьвядомасьці і пачуцьцяў нацыянальнае незалежнасьці чытачоў.

svaboda.org