Прэмію “Дэбют” уручаць у Дзень паэзіі

21 сакавіка ў Сусветны дзень паэзіі падчас святочнай цырымоніі ў Мінску адбудзецца ўручэнне літаратурнай прэміі “Дэбют” імя Максіма Багдановіча, заснаванай Беларускім ПЭН-Цэнтрам і Саюзам беларускіх пісьменнікаў.
Будуць адзначаныя пераможцы ў трох намінацыях: паэзія, проза, мастацкі пераклад. Да разгляду журы прымаліся дэбютныя кнігі, напісаныя па-беларуску аўтарамі ў веку да 35 год і выдадзеныя цягам 2010 году, а таксама... грунтоўныя часопісныя і газетныя публікацыі.
Цырымонія адбудзецца ў галерэі “Ў” па адрасе пр. Незалежнасці, 37а, ст. м. “Плошча Перамогі”.
Пачатак – а 19:30.
Выступяць пісьменнікі і перакладчыкі Генадзь Бураўкін, Алесь Разанаў, Уладзімір Арлоў, Барыс Пятровіч, Лявон Баршчэўскі, Андрэй Хадановіч, а таксама – маладыя аўтары, творы якіх увайшлі ў шорт-ліст прэміі і песні на вершы Максіма Багдановіча ў выкананні беларускіх музыкаў. Пасля цырымоніі адбудзецца аўтограф-сесія пераможцаў у кнігарні выдавецтва “Логвінаў” пры галерэі.
Уваход вольны.
Шорт-ліст літаратурнай прэміі “Дэбют”:
Паэзія:
Ірына Бельская. Падборка вершаў “…Бо ранак раніць”. “Дзеяслоў”, №44.
Ігар Кулікоў. Падборка вершаў “Закон узаемнае невылечнасці”. "Дзеяслоў", №47.
Віталь Рыжкоў. Зборнік паэзіі «Дзверы, замкнёныя на ключы». Мінск: Логвінаў, 2010.
Проза:
Сяргей Егарэйчанка. «Аповесць пра чалавека, які не хацеў быць Богам». "Літаратурная Беларусь"/"Новы час", кастрычнік 2010.
Анка Упала. «Інь-Ян». Іранічныя аповеды. "Дзеяслоў", №47.
Наталка Харытанюк. Трынаццаць гісторый пра мёртвага катА. Минск: «Логвінаў», 2010.
Пераклад:
Антон Францішак Брыль / Дж.Р. Р. Толкін. «Каваль зь Вялікага Вутану». Мінск: «Логвінаў», 2010. Пераклад з англійскай.
Наста Лабада / Тувэ Янсан. «Маленькія тролі і вялікая паводка». Мінск: «Зміцер Колас», 2010. Пераклад са шведскай.
Вольга Цвірка / Мікаэль Ніэмі. «Папулярная музыка зь Вітулы». Мінск: «Логвінаў», 2010. Пераклад са шведскай.
паводле арганізатараў