Прэмію Гедройца сёлета атрымаў Ігар Бабкоў

Цырымонія пачалася з хвіліны маўчання. Прысутныя ўшанавалі памяць Генадзя Бураўкіна, які пайшоў з жыцця 30 мая. Вядучы вечара Старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтра Андрэй Хадановіч прачытаў верш Генадзя Мікалаевіча.

Пра цяжкі для беларускай літаратуры перыяд, пра панесеныя нашым народам страты — з пачатку года адышлі старэйшыя пісьменнікі Рыгор Барадулін, Уладзімір Дамашэвіч, Анатоль Кудравец, Давід Сімановіч, Уладзімір Чапега, — успомніў у сваім слове празаік, Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў, сябар журы прэміі Барыс Пятровіч.

У сваёй прамове спадар Барыс падзякаваў усім тым, хто спрычыніўся да заснавання і арганізацыі літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца і павітаў шаноўных гасцей — Надзвычайнага і Паўнамоцнага Амбасадара Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Лешака Шарэпку, намесніка дырэктара Польскага Інстытута ў Мінску Томаша Адамскага, намесніцу Старшыні Праўлення “ІдэяБанк” Таццяну Самойленка ды іншых.

Спадар Лешак Шарэпка павітаў аўтараў, чытачоў, сяброў журы і суарганізатараў прэміі, адзначыўшы, што ад пачатку свайго заснавання прэмія накіраваная на ацэнку мастацкай вартасці празаічных твораў, спрыяе развіццю літаратурнага працэсу ў Беларусі, у прыватнасці, беларускамоўнага культурнага сегменту, і не мае палітычнай афарбоўкі.

Нагадаем, у шорт-лісце знаходзіліся наступныя аўтары і кнігі:

1. Ігар Бабкоў. Хвілінка: Тры гісторыі. — Мінск: “Логвінаў”.

2. Алена Брава. Дараванне. Прощение. Vergebung. — Мінск: “Звязда”.

3. Сяргей Вераціла. Разбітае сэрца Вітаўта. — Мінск: “Мастацкая літаратура”.

4. Артур Клінаў. Шклатара. — Мінск: “Логвінаў”.

5. Вінцэсь Мудроў. Багун. — Полацк: “Полацкае ляда”.

6. Людміла Рублеўская. Ночы на Плябанскіх млынах. — Мінск: “Мастацкая літаратура”.

У журы прэміі сёлета ўвайшлі: з беларускага боку — Валянцін Акудовіч, Уладзімір Арлоў, Альгерд Бахарэвіч, Барыс Пятровіч, Андрэй Хадановіч, Ціхан Чарнякевіч, з польскага боку — Малгажата Бухалік, Адам Паморскі. Ганаровы старшыня журы — Лешак Шарэпка. Ганаровы старшыня выконвае прадстаўнічыя функцыі і не ўдзельнічае ў працы журы.

У гледачоў была магчымасць паслухаць фрагменты з твораў усіх шасці намінантаў у выкананні акцёраў Свабоднага тэатру. Музычнае аздабленне вечара забяспечыў гурт Port-Mone.

Леташні лаўрэат Уладзімір Някляеў падкрэсліў, што прэмія імя Ежы Гедройца стала стымулам для многіх празаікаў, і што колькасць падаваных на разгляд кніг расце год ад года, і гэта несумненна спрыяе развіццю беларускай літаратуры.

Лаўрэат першага месца Ігар Бабкоў і другога Артур Клінаў уласнаручна атрымалі свае ўзнагароды. Сертыфікат на творчую стыпендыю ва Уроцлаве (Польшча) для полацкага празаіка Вінцэся Мудрова, які не змог прысутнічаць, быў перададзены ягонаму сыну Максіму.     

Ігар Бабкоў, Артур Клінаў, Алена Брава, Людміла Рублеўская, Сяргей Вераціла, Ціхан Чарнякевіч, Валянцін Акудовіч

Ігар Бабкоў

Андрэй Хадановіч

Акцёры Свабоднага тэатру

Валянцін Акудовіч

Сяргей Вераціла

Артур Клінаў, Алена Брава, Людміла Рублеўская, Сяргей Вераціла

Людміла Рублеўская

Уладзімір Някляеў

Алена Брава

Слова бярэ Уладзімір Арлоў

Уладзімір Арлоў

Барыс Пятровіч

Малгажата Бухалік, Барыс Пятровіч

Андрэй Хадановіч, Артур Клінаў

Андрэй Хадановіч, Альгерд Бахарэвіч, Лешак Шарэпка, прадстаўніца "ІдэяБанка" Таццяна Самойленка

Лешак Шарэпка

Андрэй Хадановіч, Ігар Бабкоў, Альгерд Бахарэвіч, Лешак Шарэпка, прадстаўніца "ІдэяБанка" Таццяна Самойленка

Тэкст: Віка Трэнас, фота: Алена Казлова

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"