Прэмію Цёткі атрымалі Лізавета Лянкевіч і Валеры Гапееў (ФОТАГАЛЕРЭЯ)

Валеры Гапееў

Заснавальнікі прэміі -- ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў", Беларускі ПЭН-цэнтр, дабрачынны фонд "Вяртанне".

Музычна-інтэрактыўная праграма па матывах казак Свэна Нурдквіста

Сёлета вечарына складалася з дзвюх частак -- для дзяцей і для дарослых. Вядоўцам выступіў паэт, перакладчык, сябар літаратурнага журы прэміі Андрэй Хадановіч. Культурніцкая прастора была падзеленая на крэатыўныя зоны: тут можна паглядзець выставу з намінаваных на прэмію кніг, недалёка -- сфатаграфавацца з амаль што сапраўднай Цёткай -- патронам прэміі, там -- заняцца лепкай печыва з ядомага пластыліну або маляваннем разам з дзеткамі. Сапраўды, кожнаму наведніку, ад малога да вялікага, было чым заняцца.

Спявайма разам!

Распачала цырымонію забаўляльная музычна-інтэрактыўная праграма па матывах казак Свэна Нурдквіста пра Пэтсана і Фіндуса ў выкананні Андруся Такінданга і Валерыі Валадзько. Да слова, завяршыў вечар калектыў "Гаротніца мікс" у складзе тых жа музыкаў, толькі з "дарослымі" песнямі.

Са сваімі ўражаннямі пра намінаваныя ў гэтым годзе кнігі выступілі мастакі Павел Татарнікаў і Валеры Славук (першы, дарэчы, лаўрэат мінулагодняй прэміі Цёткі). Ад імя літаратурнага журы прэміі выказаліся Алена Масла і Вера Жыбуль. За мастака Лізавету Лянкевіч, якая цяпер знаходзіцца за мяжой, узнагароду атрымаў яе муж, перакладчык Сярж Мядзведзеў.

Злева направа: Валеры Гапееў, Алена Масла, Андрэй Хадановіч, Вера Жыбуль

Пісьменнік Валеры Гапееў падзякаваў арганізатарам прэміі, адзначыўшы, што яе атрыманне сталася для яго прыемнай нечаканкай, а таксама прызнаўся, што ідэя кнігі "Мая мілая ведзьма" нарадзілася дзякуючы парадам і прыкладам калегаў, выдатных пісьменнікаў для дзяцей Раісы Баравіковай і Пятра Васючэнкі.

Тэкст і фота: Віка Трэнас, для lit-bel.org