Прэмію Цёткі атрымалі Уладзімір Арлоў і Павел Татарнікаў (+ФОТА)

Уладзімір Арлоў

Прэмія Цёткі, заснаваная Беларускім ПЭН-цэнтрам, Саюзам беларускіх пісьменнікаў і фондам "Вяртанне", уручаецца ў другі раз і мае дзве намінацыі -- "Найлепшы твор для дзяцей і падлеткаў" і "Найлепшае мастацкае афармленне".

Павел Татарнікаў

Сёлета, як і летась, у абедзвюх намінацыях перамагло адно выданне. Асобным дыпломам было адзначана выдавецтва "Тэхналогія", дзе кніга пабачыла свет.

Назвалі імёны лаўрэатаў і ўручылі ўзнагароды сябры журы, мастак Валеры Славук і пісьменніца Вера Жыбуль. Вёў вечарыну Уладзь Лянкевіч, з музыкай выступіў гурт "Vuraj".

Гістарычная тэматыка, як адзначылі прамоўцы, набывае актуальнасць для беларускіх чытачоў. Першы тыраж кнігі "Айчына. Маляўнічая гісторыя", па словах Уладзіміра Арлова, а гэта 3000 асобнікаў, разышоўся за два тыдні. Пісьменнік і мастак праводзяць паспяховыя прэзентацыі і аўтограф-сесіі па ўсёй Беларусі. На адной з іх у чаргу па аўтограф сталі больш за трыста чалавек.

Наведнікі цырымоніі мелі магчымасць узяць удзел у інтэрактыўных забавах: сфатаграфавацца з кардоннай выявай Цёткі ў поўны рост, азнаёміцца з кнігамі намінантаў на прэмію на адмысловай выставе, а таксама бясплатна пачаставацца гарачай гарбатай з пячэнькамі, якія можна было ўласнаручна размаляваць харчовымі фарбамі. І, канечне, павіншаваць лаўрэатаў прэміі і ўзяць у іх аўтограф на кнігу-пераможцу.

Тэкст і фота: ВТ, для lit-bel.org