Прэмію “Залаты апостраф” уручаць 17 сакавіка

 Уручэнне прэміі часопіса “Дзеяслоў” за найлепшую публікацыю ў 2010 годзе “Залаты апостраф”пройдзе 17 сакавіка ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры.

Сёння завяршаецца інтэрнэт-галасаванне за лаўрэатаў. Аддаць свой голас можна або ў жж-суполцы часопіса “Дзеяслоў”, або на сайце Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Лідэры галасавання ў кожнай з намінацый ужо вызначыліся. У “Паэзіі” – гэта Віка Трэнас, Вольга Гапеева і Сяргей Прылуцкі. У “Прозе” –  Паліна Качаткова, Анка Упала, Сяргей Календа, Павел Анціпаў і Юры Несцярэнка. У намінацыі “Дэбют” найбольш галасоў набралі Настасся Кухарэнка і Франак Вячорка.

Праўда, апошняе слова ў вызначэнні лаўрэатаў “Залатога апострафа” рэдакцыя часопіса пакідае за сабой, таму на цырымоніі ўручэння цалкам магчымыя сюрпрызы.

Акрамя літаратурных твораў на вечарыне можна будзе пачуць выступ музычнага гурта “Босае сонца”.

Пачатак імпрэзы: 18.00.

Адрас Музея гісторыі беларускай літаратуры:  Мінск, вул.Багдановіча, 13.

Уваход вольны.