Прэтэндэнты на прэмію імя Ежы Гедройца: ТОП-5 ад "Нашай Нівы"

Без Някляева і Марціновіча

Летась пра старт прэміі было аб’яўлена ўжо ў кастрычніку. Сёлета арганізатары цягнулі з абвяшчэннем амаль да Новага года. Магчыма, для таго былі свае прычыны.

Для прозы 2013 год быў надзвычай неўрадлівым.

Са студзеня да снежня ў айчынных выдавецтвах з’явілася вельмі мала кніг, якія сталі мастацкім падзеямі і могуць рэальна прэтэндаваць на перамогу.

Умовы прэміі пакідаюць «за бартом» адразу некалькі моцных прэтэндэнтаў.

На перамогу традыцыйна могуць прэтэндаваць кнігі, напісаныя па-беларуску ў жанрах «мастацкая проза» і «эсэістыка», які цягам 2012 года выйшлі ў папяровым або электронным варыянтах.

Таму нашумелыя «Час second-hand» Святланы Алексіевіч і «Сфагнум» Віктара Марціновіча не падыходзяць,

бо спярша былі створаны па-расейску, а ўжо потым перакладзеныя на беларускую мову.

Акрамя таго, прэмію цяпер немагчыма атрымаць двойчы.

Таму кнігі «Блог Усяслава Чарадзея» Паўла Касцюкевіча і «Знакі прыпынку» Уладзіміра Някляева дакладна не зможа прэтэндаваць на перамогу.

Хто мае найвялікшыя шанцы на перамогу? «НН» бачыць прынамсі пяць кандыдатаў у шорт-ліст.

Артур Клінаў, «Шклатара»

Аўтар ваеннага рамана «Шалом», які трапіў у лонг-ліст першага Гедройца, Клінаў прадставіў чытачам новую кнігу «Шклатара». Бадай, гэта адзін з самых сучасных празаічных твораў, якія выйшлі цягам году.

Яго дзеянне адбываецца ў канцы 2010 года. Адзін з інтэр’ераў – будынак на сталічным праспекце Незалежнасці 37а. Цяпер там месціцца «Галерэя Ў» і кнігарня «Логвінаў», а раней знаходзіўся пункт прыёму шклатары.

«Рэальнасць для герояў змянілася цытатамі, — піша «pARTisan» пра кнігу. — Цытата на дэмакратыю, цытата на дыктатуру, цытата на рэвалюцыю, цытата на нянавісць, цытата на каханне…»

Кніга з’явілася ўсяго некалькі дзён таму. Уяўленне пра яе дазваляе урывак з «Шклатары», змешчаны на сайце часопіса «pARTisan» (яго галоўным рэдактарам з’яўляецца сам Клінаў).

Дзеянне адбываецца на Плошчы 19 снежня 2010 года. Спярша герой ставіцца да падзей як да традыцыйнага карнавалу, ролі ў якім загадзя распісаныя. Яго стаўленне змяняецца пасля таго, як на Плошчу трапляюць яго блізкія людзі…

Барыс Пятровіч, «Спакушэнне», «Спачатку была цемра»

У старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў і галоўнага рэдактара часопіса «Дзеяслоў» сёлета таксама выйшла два празаічныя зборнікі. У першы, «Спакушэнне», ўвайшлі выбраныя апавяданні, а таксама шэсць зусім новых твораў. Паколькі яны ствараліся ў розныя часы, «Спакушэнне» дае ўяўленне пра шырокі жанравы дыяпазон у творчасці Пятровіча. Класічным апавяданням уласціва следаванне агульным правілам, а значыцца – паслядоўнае разгортванне падзей. А вось у фрэсках – пошукі ў стылістыцы і разняволенасць у сінтаксісе.

Як піша крытык Ціхан Чарнякевіч, «у прозе Барыса Пятровіча беларускі магічны рэалізм якраз найбольш праяўляецца ў малафарматных жанрах, у іх, прынамсі, ён дасягае квінтэсэнцыі».

Падзеі другой кнігі, «Спачатку была цемра», разгортваюцца ў 1990-я гады ў жахлівых умовах закінутага дома-інтэрната на чарнобыльскім Палессі, на фоне вялікіх пераменаў, што адбываліся тады ў незалежнай Беларусі.

Людміла Рублеўская, «Ночы на Плябанскіх млынах»

Прыхільнікі Рублеўскай да апошняга спадзяваліся, што сёлета ў кнігарнях з’явіцца другая частка яе трылогіі пра Пранціша Вырвіча (першая ўвайшла ў шорт-ліст мінулага Гедройца). Але не лёс. Таму сёлета на перамогу могуць прэтэндаваць творы, створаныя Рублеўскай досыць даўно.

Містычная аповесць, якая дала назву кнізе, напісана ў 2006 годзе. Гатычны раман «Скокі смерці» – яшчэ ў 2005-м. Але дагэтуль яны выходзілі толькі ў часопісным фармаце. Зрэшты, з таго часу пісьменніца істотна змянілася.

Раман і аповесць у нечым нагадваюць раннія творы Рублеўскай. У іх цэнтры знаходзіўся вобраз рамантычнай дзівачкі-патрыёткі з неўладкаваным асабістым жыццём, якая захапляецца мінуўшчынай.

 

Уладзіслаў Ахроменка, «Музы і свінні»

Згодна са старажытнагрэчаскай міфалогіяй, у бога Зеўса і тытаніды Мнемасіны былі дзевяць дачок — муз, якія сталі заступніцамі навук, паэзіі і мастацтваў. У сваю новую кнігу Ахроменка ўключыў 27 навэл, дзеянне якіх жорстка структуравана па сюжэтах, а таксама фармальна датычнасці да кожнай з дзевяці музаў. Прычым аўтар кажа, што практычна ўсе гісторыя з’яўляюцца рэальнымі.

Уяўленне пра кнігу, якая выйшла перад самым Новым годам, можна атрымаць дзякуючы асобным навэлам, якія аўтар выкладваў у сваім ЖЖ. Напрыклад, у раздзеле «Кліа, муза Гісторыі» змешчана гісторыя пра Дзеда Талаша, які сваімі паводзінамі літаральна тэрарызаваў айчынную інтэлігенцыю. А потым трапляе да Сталіна, які гатовы выканаць любую просьбу партызана.

Калі Сяргей Балахонаў прапануе ў «Зямля пад крыламі Фенікса» іранічна-гумарыстычна погляд на беларускую гісторыю, дык Уладзіслаў Ахроменка дадае да яго здзек і непараўнальны сарказм.

Адам Глобус, «Імёны», «Казкі для дарослых»

Творы Глобуса ацэньваюцца з дыяметральна супрацьлеглых пазіцый: ад «пасрэдна» да «геніяльна». Такія характарыстыкі ўласцівы і двум яго кнігам, што выйшлі сёлета.

Першая, «Імёны», прысвечаныя 8 асобам (пісьменнікам, мастакам, выкладчыкам).

Адныя ўспрымаюць яе як зборнік дзённікавых запісаў пра жыццё, творчасць і «п'янкі з сэксам заадно».

Для другіх — яркія партрэты, выпісаныя па-мастацку дакладнымі штрыхамі. Асабліва ўдалым выглядае эсэ пра Анатоля Сыса. Для даследчыкаў найбольш інфармацыйным будзе ўспрымацца аповед пра Уладзіміра Караткевіча.

Тая ж сітуацыя з «Казкамі для дарослых». Для кагосьці кніга з’яўляецца зборнікам лаканічных блогаўскіх запісаў («Казкі» на працягу некалькіх гадоў выкладваліся ў ЖЖ). А вось Уладзімір Арлоў упэўнены: у сваіх казачных кнігах Глобус стварае вельмі прыцягальны, густанаселены таямнічы свет, прадстаўнікі якога «хочуць змяніць культурную парадыгму».

* * *

Нельга выключаць, што 31 снежня ў якой-небудзь напаўпадпольнай друкарні былі надрукаваныя 6 асобнікаў яшчэ адной новай кнігі. Менавіта столькі патрабуецца для ўдзелу ў прэміі. Напрыклад, хадзілі чуткі, што напрыканцы снежня асобным выданнем з’явіцца «Каляндар Бахарэвіча», які пісьменнік цягам году вёў на радыё «Свабода». Таму асобныя адкрыцці яшчэ могуць чакаць нас наперадзе.

Максім Кавальскі, nn.by