Прэзентацыя «Чытанкі для маленькіх 2» у юбілейны год беларускага кнігадруку (фота)

Вядоўца – папулярны паэт Андрэй Хадановіч, якога дзеткі слухаюць уважліва і нібы заварожана. Ён пацікавіўся, які юбілей мы сёлета святкуем. І адразу атрымаў адказ – 500-годдзе першай друкаванай кнігі. У 1517 годзе Францыск Скарына з Полацка ў Празе надрукаваў “Псалтыр”.

Андрэй прадставіў “Чытанку для маленькіх 2” – зборнік казак і вершаў, прыгожа ілюстраваны мастачкай Дар’яй Мандзік, укладальнікам якой з’яўляецца паэт Анатоль Івашчанка.

Лялечны спектакль паводле народнай казкі са зборніка “Як курачка пеўніка ратавала” прадставілі Святлана Тоўсцік і Арцём Сітнікаў. Усе разам з курачкай Чубаткай дапамагалі ратаваць пеўніка Петруська. Было шмат ахвотных выконваць ролі пекара, касцоў, каровы. За што атрымалі ў падарунак часопісы “Буся”.

Пасля Святлана і Арцём выканалі песню “Мой дзядуля меў хлеў” – пераклад англійскай “Old MacDonald had a farm” ад Матулі Гускі. Усе ахвотныя апранулі шапачкі ў выглядзе жывёл, пачапілі іх намаляваныя выявы і, стаўшы ў кола, разам заспявалі пра цялё, ягнё, парасё, куранё, качанё, гусянё. У часе выканання песні паказваліся актыўныя рухі, і ўсе дружна іх паўтаралі і падпявалі: “Ія-ія-ё”. Удзельнікі атрымалі паштоўкі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, а тыя, хто адгадаў назвы інструментаў, – гітара, акарына, жалейка, – значкі “Пяцісотгоднасць”.

Пасля дзеткі разам Андрэем Хадановічам з цікавасцю пачыталі вершыкі пра калючыя агуркі і прыставучую дзяўчынку, пра ката-льва. З захапленнем падбіралі рыфмы і хорам заканчвалі радкі вершаў Р. Барадуліна, паўтаралі хуткамоўкі. І развучылі верш “Жаўтун-Баўтун сядзеў на муры” – пераклад “Humpty-Dumpty” з англійскай мовы Веры Бурлак з яе новай кнігі “Аліса скрозь люстэрка”.

Затым гурт “Мярэжа” распавёў пра народнае свята Саракі (22 сакавіка), калі пеклі з цеста сорак птушачак і падкідвалі ўгору, і Гуканне вясны, калі ўзыходзілі на гару і спявалі вяснянкі. Усе разам развучылі песню “Агу, вясна”, гукаючы: “У-у-у”. Павадзілі карагод пад песню “Што й па мору”. Праспявалі “Куру-шчабятуру” і пагулялі ў “Явар”.

Напрыканцы можна было атрымаць аўтографы ад аўтара “Нататак таткі” і “Чытанкі” Андрэя Хадановіча.

Фота – Аксана Ючкавіч

budzma.by