Прэзентацыя аўдыёкнігі Янкі Маўра і насценнага "Ваярскага календара" — 24 снежня

У прэзентацыі возьмуць удзел: унукі Янкі Маўра, Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч, Зміцер Сасноўскі, Аксана Спрынчан, Яраш Малішэўскі, Таццяна Беланогая, Серж Мінскевіч, Юры Усціновіч, Ладзімір Лічко, Іван Іваноў, Андрэй Паддубскі, Алесь Калоша, Міхась Башура, Алесь Квіткевіч.

Вас чакаюць цікавыя выступы і аповеды, старажытная музыка, конкурсы з падарункамі, захапляльныя рыцарскія баі ад клуба гістарычнай рэканструкцыі “Гівойт”, магчымасць сфатаграфавацца з рыцарамі! 

Летась "Беларуская Прастора" ўжо ладзіла прэзентацыю сваіх выданняў у Пушкінскай бібліятэцы, тая імпрэза выклікала вялікую цікавасць.

Аўдыёкнігу Янкі Маўра “Палескія рабінзоны”, “У краіне райскай птушкі” склалі дзве найзнакаміцейшыя аповесці заснавальніка беларускай дзіцячай літаратуры Янкі Маўра (Івана Міхайлавіча Фёдарава, 1883 – 1971), якія ўпершыню выйшлі друкам у 1930-я гады і вось ужо каторае дзесяцігоддзе займаюць сваё пачэснае месца ў школьнай праграме па роднай літаратуры.

Напісаныя ў духу найлепшых класічных традыцыяў прыгодніцкага жанру, гэтыя творы ня страцілі сваёй літаратурнай і выхаваўчай каштоўнасці. У “Палескіх рабінзонах”, выкарыстаўшы традыцыйную ў літаратуры “рабінзанаду”, Маўр цікава распавёў пра прыродныя багацці нашага Палесся. Гэтая аповесць вучыць быць смелымі, упарта дамагацца мэты і адольваць любыя цяжкасці.

Аповесць “У краіне райскай птушкі” расказвае пра жыццё тубыльцаў у каланіяльнай, залежнай краіне, пра іх барацьбу за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. Аўтар услаўляе смеласць, волю і розум чалавека-змагара, які не скараецца перад выклікамі лёсу і ўрэшце перамагае.

Займальныя і разам з тым пазнавальныя, гэтыя творы абуджаюць фантазію, заахвочваюць да глыбокага пазнання роднага краю і свету, у якім мы жывём.

Больш падрабязна даведацца пра аўдыёкнігу можна тут.



“Ваярскі каляндар” супольна выдадзены выдавецкім праектам ПАПЕРУС і транспартна-лагістычнай кампаніяй "Фабеас" у межах культурніцкай пляцоўкі “Беларуская Прастора”. Каляндар разлічаны як на шанавальнікаў нашае вайсковае гісторыі перыядаў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, гэтак і на ўвесь беларускі (дый ня толькі) люд паспаліты. Як кажуць самі аўтары: "Шануючы гісторыю — ствараем будучыню!"

У выданні ўдала спалучыліся арыгінальныя малюнкі вершнікаў на конях у ваярскіх даспехах, змястоўныя гістарычныя даведкі і паэтычнае асэнсаванне кожнага малюнка.

Паколькі 2014 год — год каня, то коннікі на календары ў гэтым годзе будуць глядзецца вельмі дарэчы, але галоўная адметнасць дадзенага календара заключаецца яшчэ і ў тым, што калі карыстальнік напрыканцы 2014 году адарве аркуш з апошнім месяцам, то ў яго застанецца альбом з наборам прыгожых насценных малюнкаў вялікага памеру! Іншымі словамі – каляндар ператворыцца ў цалкам самадастатковы камплект плакатаў з выявамі вершнікаў памерам 49х34 см.

Гэты каляндар ёсць сумесным праектам групы творчых асобаў: полацкага мастака Івана Іванова, гісторыка і дзіцячага пісьменніка Юрыя Усціновіча, а таксама дызайнера і фотамастака Дзяніса Шарамецьева. Ідэя і канцэпцыя каляндара – Алесь Квіткевіч, кіраўнік культурніцкай пляцоўкі “Беларуская Прастора” і Міхась Башура, галоўны рэдактар выдавецкага праекта “ПАПЕРУС”. Каляндар выдадзены пры ўдзеле групы кампаніяў “Фабеас” і асабіста яе кіраўніка Андрэя Паддубскага.

Больш падрабязна пра каляндар тут.

Падзея ў Фэйсбуку

Прэсавая служба СБП