Прэзентацыя беларускага фэнтэзі «Сем камянёў» – Мінск, 18 чэрвеня

Кніга, якую называюць беларускім “высокім” фэнтэзі, расказвае пра хлопца Яся, што апынуўся ў дзівоснай краіне Эферыі. Ён спрабуе разгадаць схаваную ў вяках загадку сямі крышталёў, каб выратаваць жыццё сваёй сяброўцы і вызваліць Эферыю ад прыгнёту злога самазванца.

Паводле словаў літаратурнага крытыка Ганны Янкута“гэта раман пра цуды, якія, хоць і здараюцца ў дзівосным свеце, закліканыя падкрэсліць, што ў цудзе няма нічога надзвычайнага. А яшчэ – пра прыгоды, перажыць якія таемна марыць ці не кожны захоплены чытач. Падазраю, што ад узросту гэта не залежыць”. 

“Раман вельмі цікавы, – гаворыць літаратурны аглядальнік партала velvet.by Ганна Севярынец. –Неспрактыкаваны чытач знойдзе ў ім асаблівы свет, захапляльны сюжэт і цікавых герояў, спрактыкаваны выявіць глыбокую хрысціянскую падаплёку. Сем частак рамана, сем цудоўных камянёў, сем дзён стварэння свету, персанажы, у якіх так раптоўна адгадваюцца героі, вядомыя нам з зусім іншых гісторыяў… Па-мойму, у беларускай літаратуры нічога такога пакуль яшчэ не было. Зусім. І вось з’яўляецца”.

У рамках прэзентацыі адбудзецца таксама аўтограф-сессія, падчас якой можна будзе набыць кнігу па спецыяльнай цане.

Вядоўца прэзентацыі – акторка Ганна Хітрык. З музычным суправаджэннем выступіць Кацярына Ваданосава (вядомая па гурце Alta Mente). Разам з калегамі-музыкамі яны граюць беларускую фэнтэзі-музыку. Удзельнікаў чакаюць таксама віктарыны, конкурсы і розыгрышы прызоў!

З тэкстам рамана можна пазнаёміцца тут:

http://shein.by/

“Сем камянёў” у сацсетках:

https://www.facebook.com/SiemKamianiou

https://vk.com/siemkamianiou

 

budzma.by