Прэзентацыя часопіса "Дзеяслоў" адбылася ў Бабруйску

Распачаў вечарыну бабруйскі літаратар, сябра ГА “СБП” Анатоль Санаценка.

Барыс Пятровіч распавеў пра часопіс, прадставіў публіцы апошнія нумары, спыніўшыся на найбольш цікавых і значных публікацыях. Так, бабруйскія гледачы даведаліся пра цікавы перакладчыцкі праект — анталогію расійскай рок-паэзіі на беларускай мове, змешчаную ў №69, пра дзённікі і лісты Вячаслава Адамчыка і Рыгора Барадуліна ў №70-71, пра серыю кніг бібліятэчкі “Дзеяслова” і штогадовую прэмію часопіса.

Апроч таго, Барыс Пятровіч выступіў перад цікаўнай публікай і як аўтар – прачытаўшы празаічную замалёўку “Каханым быць” з нізкі “Фрэскі” і прызнаўшыся, што, будучы кіраўніком СБП, заўсёды стараецца знаходзіць час, каб заставацца найперш творцам-празаікам.

Пра новы раман “Дагератып” на старонках апошніх нумароў распавяла Людміла Рублеўская. Пісьменніца пазнаёміла прысутных са сваімі апошнімі кнігамі і падзялілася планамі на будучыню, шчыра адказаўшы на пытанні залы.

Спявае Алесь Камоцкі

Бард Алесь Камоцкі праспяваў некалькі песень на вершы Рыгора Барадуліна і шэраг ірландскіх баладаў, пераствораных аўтрам цягам апошняга года,  а таксама распавёў пра сваё сяброўства з часопісам ды яго рэдакцыяй.

Напрыканцы прагучалі вершы Усевалада Сцебуракі з кнігі “Бег па самаадчуваньні”, што выйшла ў серыі “Кнігарня пісьменніка”.

Усе ахвотныя займелі новыя нумары часопісаў ды атрымалі аўтографы на кнігах.

Рэдакцыя часопіса заклікае ўсіх ахвотных падпісвацца на “Дзеяслоў” у бягучым і новым 2015 годзе! Зрабіць гэта можна ў любым паштовым аддзяленні Беларусі. Наш індэкс — 74813 (для індывідуальных падпісчыкаў), 748132 (для ведамаснай падпіскі). Сайт часопіса dziejaslou.by

Тэкст: Прэсавая служба СБП

Фота: Анатоль Санаценка