Прэзентацыя дыска "Няма прыгажэй ад маёй Беларусі" — 19 снежня

Выйшаў дыск са «школьнымі» вершамі, запісаны галасамі знаных дзеячоў беларускай культуры. Зінаіда Бандарэнка, Зміцер Бартосік, Сяргей Дубавец, Сяржук Сокалаў-Воюш і іншыя прачыталі для вучняў творы, якія ўваходзяць у школьную праграму. Генадзь Бураўкін і Анатоль Вярцінскі зачыталі вершы ўласнага аўтарства. Лявон Вольскі — вершы свайго бацькі Артура Вольскага. У выпуску аўдыёвыдання таксама бралі ўдзел: Вольга Кашэвіч (фартэп'яна), Валер Бяляеў (гукарэжысёр), Ларыса Арлова (дызайн).

Ідэя прыйшла ў галаву кампазітарцы і выканаўцы Таццяне Матафонавай. Ідэя, як яна сама кажа, проста ад жыцця:

Таццяна Матафонава

 

​​«Мы з сынам Адасём аднойчы некуды спазняліся-спяшаліся. І раптам ён мне кажа: "Мама, а я вершык не вывучыў, мне на заўтра". Я хуценька гэты вершык на дыктафон запісала, і мы па дарозе яго слухалі, так і вывучылі. І ў мяне такая ідэя з'явілася — хай бы прафесіяналы начыталі для ўсіх дзетак».

«Так хочацца, — кажа Таццяна, — каб нашыя дзеці атрымлівалі «дзясяткі», асабліва па беларускай літаратуры! Адась пачуе верш, які на дыску запісаны, і кажа: «Ой, а я гэты верш вучыў. А па гэтым вершы я дзясятку атрымліваў!»

Разам на дыску сабраныя каля 80 вершаў. Апроч таго — песні на вершы беларускіх аўтараў у выкананні Таццяны і Адася Матафонавых і Таццяны Беланогай. Паэт Генадзь Бураўкін кажа, што ягоных вершаў у школьнай праграме беларускай літаратуры год ад году не большае, а меншае. Ініцыятыву Таццяны Матафонавай ацэньвае выключна пазітыўна:

Генадзь Бураўкін

 

​​«На жаль, тыя, хто складаюць праграмы, не надта турбуюцца пра тое, каб пазнаёміць дзяцей з беларускай літаратурай. А наадварот, калі пачынаецца скарачэнне, то яно пачынаецца з гадзінаў беларускай літаратуры і мовы. Больш нават замежнай мове ўвагі, чым нашай роднай. Любую справу, якая служыць прапагандзе роднага слова, роднай літаратуры, я гатовы падтрымаць».

Генадзь Бураўкін кажа, што ў школы яго па-ранейшаму запрашаюць: «І настаўніцы, і школьнікі вельмі адгукаюцца. У мяне нават уражанне, што ім не хапае такога дыска-знаёмства з беларускай літаратурай, ім не хапае добрага гучання беларускага слова. І гэтыя сустрэчы для мяне заўсёды пакідаюць вельмі прыемны след у душы. Бо я пераконваюся, што беларусы ледзь не хочуць самі адмовіцца ад сваёй мовы, ад свайго скарбу духоўнага. У мяне ўражанне, што не хапае школьнікам далучэння да нашай літаратуры».

Прэзентацыя — 19 снежня а 19-й гадзіне ў кнігарні «Логвінаў» (Незалежнасці, 37а). 

svaboda.org