Прэзентацыя дыска аўтэнтычных песень з калекцыі Сяргея Панізніка – 17 лістапада

Аўдыёкалекцыю Сяргея Панізніка можна назваць сапраўднай анталогіяй: тут раскрыты найбагацейшы пласт традыцыйнага сольнага і сумеснага спявання. А паколькі аўтар запісу імкнуўся максімальна поўна зафіксаваць усё, што захавала выдатная памяць спявачак, на дыску шмат калядных, купальскіх, валачобных, вясельных і радзінных песень. Сёння гэта выдатны матэрыял для ўзнаўлення святаў, добрая дапамога аматарам традыцыйных сямейных імпрэз. Больш за тое, для вывучэння фальклору Паўночнай Беларусі дыск надзвычай карысны, бо ён дае цэласнае ўяўленне пра яе спеўную сістэму, а калі ў сучасных умовах песні вучацца метадам дэманстратыўнай антрапатэхнікі («слухаю — спрабую — пераймаю»), такія выданні немагчыма замяніць.

— Калі слухаю голас мамы, адчуваю, як яна ўсміхаецца. Я ж узяўся за магнітафон "Рамантык", бо паведамілі, што адправяць служыць як вайсковага журналіста аж у групу войскаў, — на далёкую чужыну, — распавядае гісторыю стварэння калекцыі Сяргей Панізнік. — Таму набіраўся празапас беларускасці — і ў песенным маўленні. Ішлі да магнітафона пяюхі і ў вёсцы Лявонпаль, і на хутары Бабышкі, што на Міёршчыне, не толькі з ахвотаю, смеласцю, а з ганаровым абавязкам пакінуць тое, што яны памятаюць, паказаць тое, што ўмеюць. Бо, як выгукнула без горычы, а мо й з гонарам 72-гадовая Вольга Грэцкая: “Наш дзень — век”.

Таму запрашаем і вас далучыцца да вечнасці аўтэнтычных песень Міёршчыны — разам з Сяргеем Панізнікам, ганаровымі гасцямі, а таксама музычнымі гуртамі Vuraj, “Кудмень” (Мінск), “Паўночная сухадроўка” (Віцебск).

Пачатак прэзентацыі: 18.00

Уваход вольны

Даведкі па тэлефонах: +375 (17) 286 31 68 + 375 (29) 565 72 18 

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"