Прэзентацыя 9-га нумару часопіса "Паміж"

7 красавіка ў кнігарні “логвінаЎ” пройдзе прэзентацыя 9-га нумару часопіса “Паміж”, які выдаюць навучэнцы Беларускага Калегіюма. Падчас прэзентацыі са сваімі творамі і перакладамі выступяць Андрэй Пакроўскі, Кірыл Дубоўскі, Анка Упала, Наталля Давыдоўская, Павел Анціпаў, Максім Казакоў, Міхаіл Бараноўскі, Наста Манцэвіч, Сяргей Сакума, Ірына Барысевіч і іншыя.
На вечарыне таксама адбудзецца ўручэнне дыпломаў выпускнікам Беларускага Калегіюма. Ганаровую місію выканаюць яго кіраўнікі Алесь Анціпенка і Валянцін Акудовіч.
Пачатак вечарыны: 19.00
Адрас кнігарні “логвінаЎ”: Мінск, пр-т Незалежнасці, 37а.
Пра “Паміж-9”:
Новы нумар не зусім перыядычнага выдання “Паміж” прысвечаны тэме
крызісу: фінансаваму, творчаму, эмацыйнаму, крызісу сярэдняга і
пераходнага ўзросту — любому крызісу, на які здольны чалавек і не
толькі.
Аднак у адрозненне ад большасці людзей, якім крызіс бачыцца нечым
кепскім, змрочным, бесперспектыўным, рэдакцыя шукае ў крызісе надзею:
“Крызіс — гэта яшчэ не катастрофа, але толькі магчымасць яе. ХХ
стагоддзе абвясціла шмат крызісаў/смерцяў: смерць Бога, аўтара,
літаратуры, суб’екта… Але мы бачым, як зноў аднекуль з’яўляюцца, хоць і
рэдка, Вернікі, Аўтары, Асобы. Можа, пачынаецца крызіс эпохі сімулякраў?
Крызіс — гэта стан ПАМІЖ, гэта выклік чалавеку і чалавечы адказ на выклік, гэта не тупік, а шлях”.
Сярод твораў, прадстаўленых у нумары, — проза Кірыла Дубоўскага, Паўла
Анціпава, Максіма Казакова, Надзеі Данішэўскай; філасофскае эсэ Вольгі
Ціхановіч; паэзія Насты і Аўгіні Манцэвіч, Ірыны Барысевіч, Міхаіла
Бараноўскага, Сяргея Сакумы; пераклады з Ціма Пірса, Германа Гесэ, П.
Біхсэля, а таксама гутарка з пісьменнікам Юрыем Станкевічам.