Прэзентацыя кнігі Алеся Бяляцкага — 6 сакавіка

А шостай вечара ў сядзібе БНФ па вуліцы Чарнышэўскага, 3 у Мінску адбудзецца прэзентацыя кнігі Алеся Бяляцкага «Асьвечаныя беларушчынай», у якую ўвайшлі яго літаратуразнаўчыя артыкулы і эсэ.

 

Укладанне кнігі Алесь Бяляцкі пачаў у 2011 годзе на волі, а пасля арышту працягнуў працу за кратамі — у турмах Мінска, Жодзіна, Бабруйска. Гэтую кнігу Бяляцкі меркаваў выдаць да свайго 50-годдзя як пэўнае падсумаванне. Аднак юбілей ён сустрэў у турме.

У кнігу, апроч ранейшых літаратуразнаўчых тэкстаў, увайшлі чатыры эсэ, якія Алесь Бяляцкі напісаў за кратамі. Гэта «Подзьвіг Хвядоса Шынклера» пра малавядомага пісьменніка 20-х гадоў, які загінуў у Другую сусветную вайну, і рэцэнзія на кнігу паэзіі Сержука Сыса «Стрэмка», а таксама рэцэнзіі на кнігі турэмных вершаў Уладзіміра Някляева і Аляксандра Фядуты.

Упершыню ў сучасным літаратуразнаўстве Алесь Бяляцкі ўводзіць тэрмін «беларуская турэмная літаратура».

Уклала кнігу Паліна Сцепаненка, афармляў кнігу вядомы графік Уладзімер Вішнеўскі.


Раней Алесь Бяляцкі выдаў свае кнігі «Літаратура і нацыя» (1991) і «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера» (2006).

 

Паводле: Валер Каліноўскі, svaboda.org