Прэзентацыя кнігі Лідзіі Андрэевай адбылася ў Горках

Прэзентацыю падрыхтавала горацкае літаратурнае аб’яднанне “Роднае слова” пад кіраўніцтвам Людмілы Дзеружковай сумесна з творчым клубам “Дэбют” Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі.

Вядучыя прадставілі новую кнігу, зрабілі агляд жыццёвага і творчага шляху пісьменніцы.

Выступленне ўдзельнікаў клуба “Дэбют” сельгасакадэміі. Лідзія Андрэева распавядае пра новую кнігу.         

Спадарыня Лідзія ў сваім выступе перш за ўсё ўзгадала Аркадзя Куляшова, 100-гадовы юбілей якога адзначаецца ў лютым і чыя творчасць моцна паўплывала на яе паэтычнае станаўленне, падзялілася сваімі думкамі і творчымі планамі.

Лідзію Андрэеву вітаюць Марыя Студнева і Святлана Макеева.

Аб тым, якое месца займае творчасць Лідзіі Андрэевай у культурнай просторы горацкай зямлі, распавялі намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Горацкага райвыканкама Марыя Студнева, дырэктар Горацкага гісторыка-этнаграфічнага музея Святлана Макеева, прадстаўнікі сельгасакадэміі прафесар Мікалай Садомаў, дацэнты Данута Доліна і Алена Мікуліч. Ад імя горацкіх літаратараў узнёслае вітанне агучыў пісьменнік, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Уласенка.

Віншаванні ад Мікалая Садомава, Дануты Долінай, Алены Мікуліч і Міхася Уласенкі.

Гучалі вершы Лідзіі Андрэевай, песні на яе словы ў выканані Андрэя Шутава, рамансы ў выканані Лейлы Абасавай. А на адну з песень — “Хлеб” — была зроблена цікавая інсцэніроўка, дзе галоўнай дзейнай асобай быў прыгожы і духмяны хлебны каравай.

Ул. інф. Магілёўскага абласнога аддзялення СБП

 

Прэсавая служба СБП