Прэзентацыя кнігі Людмілы Рублеўскай "Сутарэнні Ромула"

26 чэрвеня (аўторак) Людміла Рублеўская прэзентуе сваю новую кнігу «Сутарэнні Ромула».

Сутарэнні Ромула: раманы, п'еса / Людміла Рублеўская. — Мінск: Кнігазбор, 2012. — 520 с. — (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка”; вып. 26).


У кнігу ўвайшлі два раманы: "Сутарэнні Ромула" і "Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію". Проза Людмілы Рублеўскай — гэта захапляльная інтрыга і псіхалагічная глыбіня, віртуознае спляценне характараў, падзей, гістарычных фактаў і эпох. У раманах Рублеўскай даследуюцца не толькі сталінскія рэпрэсіі супраць беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі і страта гістарычнай памяці сёння, але і гістарычны шлях і нацыянальны характар беларусаў ад часоў ВКЛ да сучаснасці.

Як трапіў прафесар Валерыян Скаловіч з засценкаў НКВД 1937-га года ў дом ля Кальварыйскіх могілак 2000-га? Чаму супрацоўніца выдавецтва Арсенія Вяжэвіч падобная, як дзве кроплі вады, на партрэт графіні з XIX стагоддзя? Ключом да якой старажытнай таямніцы з'яўляецца рассечаны напалам срэбны кубак? У адначасова жорсткай і дасціпнай, рамантычнай і фантастычнай прозе пісьменніцы вас чакаюць падарожжы ў часе, дэтэктыўныя расследванні, каханне, дзеля якога варта памерці, і запаветная краіна Альбарутэнія. Чытач будзе смяяцца і плакаць над неверагоднымі лёсамі герояў, якія спрабуюць захаваць чалавечую годнасць і вернасць Альбарутэніі сярод найгоршых пакутаў і выпрабаванняў.

Прэзентацыя кнігі «Сутарэнні Ромула» пройдзе пры падтрымцы кампаніі "Будзьма беларусамі!" у кнігарні «логвінаЎ» па адрасе Мінск, пр. Незалежнасці 37А. Пачатак у 18:30.

Прэсавая служба СБП