Прэзентацыя кнігі Макса Шчура ў Празе

4-га снежня а 18.00 у кавярні Krásný Ztráty (Naprstková 10,Praha 1) адбудзецца прэзентацыя кнігі прозы Макса Шчура "Ліст, знойдзены на папялішчы".

З паслямовы Юнэлі Сальнікавай:

"Чытаючы прозу Макса Шчура, мяне не пакідае адчуваньне вусьцішу і надрыву. З аднаго боку, аўтар зьдзекуецца практычна з усяго. Для яго не існуе забароненых тэмаў: сямейныя каштоўнасьці, сэкс, нацыяналізм, творчасьць калегаў – усё падпадае пад дэканструкцыю. Але ў той жа час аповеды насычаныя вострымі рэакцыямі аўтара на паўсядзённасьць, прыхаваным імкненьнем вырвацца з сытуацыі гульні і пэрманэнтнай нявызначанасьці."

З прадмовы аўтара:

"Напрыканцы 2008 году ў мяне згарэў стары ноўтбук. У працэсе ратаваньня гард-дыску выявілася, што на ім, апрача раману й колькіх незакончаных тэкстаў, захаваўся з тузін апавяданьняў, якія я накрэмзаў (ці хай сабе нацюкаў) на працягу папярэдніх гадоў у вольны ад творчасьці й іншых мітрэнгаў час. Няспраўджаная пэрспэктыва іхнай нечаканай і канчатковай страты прымусіла мяне сяк-так “давесьці іх да ладу”, каб урэшце пазбавіцца ўсялякага клопату пра іх, і апублікаваць усе разам (па-за кантэкстам і паасобку, баюся, яны былі б зразуметыя няслушна) — прапаную вашай увазе плён сваіх высілкаў. Урачыста дэклярую, што ў гэтых аповедах я ня ставіў перад сабой ніякіх асабліва мастацкіх мэтаў..."

zbsb.org