Прэзентацыя кнігі “На перекрестке звезд и судеб” адбылася ў Віцебску

Нядаўна ў Наталлі Салаўёвай выйшла кніга вершаў “На перекрестке звезд и судеб”, прэзентацыя якой адбылася ў Віцебскім культурна-гістарычным комплексе “Дзвіна” 24 студзеня.

На вечарыну прыйшлі сябры СБП, прыхільнікі яе паэзіі, творчая інтэлігенцыя паўночнай сталіцы.

Мерапрыемства распачала мастацкі кіраўнік “Дзвіны” Ала Цімафееўна Кузняцова.

Вечар, які доўжыўся дзве гадзіны, быў вельмі насычаны і цікавы. Мабыць, таму, што Наталля Салаўёва была яшчэ вядучай і сцэнарыстам.

Наталля Салаўёва

Вершы паэткі, што чыталі шматлікія госці, перамяжоўваліся з песнямі, якія былі напісаны на словы Наталлі Фёдараўны.

Варта сказаць, што песень шмат. Іх спяваюць у Ізраілі, Італіі. З задавальненнем выконваюць песні Наталлі Салаўёвай і ў родным Віцебску. Кампазітары часта звяртаюцца да паэзіі Наталлі Фёдараўны, бо яе вершы змястоўныя і меладычныя.

Ансамбль "Каўчэг"

Гэта прадэманстравалі бард Сяргей Лузгін, выканаўца Ганна Кастэнка, вакальна-інструментальны ансамбль “Каўчэг” (кампазітар Аляксандр Іваноў, спявачкі Святлана Кім і Валянціна Ванковіч).

Блюз у выкананні Алены Цыганковай і Ігара Бабыдава

Блюз на вершы Наталлі Салаўёвай выканалі ўдзельнікі Клуба аўтарскай песні г. Віцебска Ігар Бабыдаў (гітара) і Алена Цыганкова (вакал). Спявала Таццяна Кулакова пад акампанемент кампазітара Надзеі Несцярэнка, якая цесна супрацоўнічае з паэткай.

Вучні сярэдняй школы № 14 чытаюць вершы Наталлі Салаўёвай

У той вечар Наталлі Фёдараўне было сказана шмат цёплых і шчырых слоў. Ёй прысвячалі вершы і зычылі росквіту яе таленту.

Настаўніца сярэдняй школы № 14 Валянціна Мікалаеўна Арлова разам са сваімі выхаванцамі падрыхтавалі музычную кампазіцыю, у якой выкарысталі творы Наталлі Салаўёвай.

Напрыканцы прэзентацыі прафесар мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта П.М. Машэрава В.В. Шамшура падсумаваў, што падзея, якая адбылася сёння, важная не толькі для Віцебска, але і для Беларусі.

Ул. інф. Віцебскага аддзялення СБП

Фота Анастасіі Лазебнай