Прэзентацыя кнігі Васіля Стомы прайшла на Віцебшчыне

Народжаны ў 1911 г. у Лужках аўтар у 1949 г. апынуўся ў Злучаных Штатах Амерыкі, дзе і напісаў свае маляўнічыя, поўныя гумару ўспаміны пра роднае мястэчка. “Маё мястэчка” ў 1980-х гг. друкавалася на старонках эміграцыйнага часопіса “Беларускі сьвет”, у 1998 г. — у метрапольным “Полымі” і толькі сёлета выйшла ў якасці кніжнага выдання.

Цікавасць да кнігі вялікая, асабліва на радзіме Васіля Стомы, дзе яшчэ можна знайсці сведкаў тых падзеяў, пра якія расказвае аўтар. З Лужак паходзіць стваральнік іўрыту Бен Егуда, тут служыў у касцёле ксёндз Язэп Германовіч, тут працаваў вядомы доктар Шыран…

На прэзентацыю у мясцовым Доме культуры сабралося каля 40 чалавек як з саміх Лужак, гэтак і з раёну. Сябра Управы Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, гісторык Наталля Гардзіенка згадала пра дзейнасць Згуртавання і перадала для Лужкоўскага клубу ды Цэнтру Язэпа Драздовіча, што знаходзіцца ў суседніх Германавічах, падарункі ад “Бацькаўшчыны” і кампаніі “Будзьма беларусамі”. Далей быў аповед пра Беларускі інстытут навукі і мастацтва, створаны на пачатку 1950-х гг. у Нью-Ёрку для аб’яднання беларускай інтэлігенцыі, што ў паваенны час апынулася на Захадзе. Сябрам гэтага Інстытуту быў і аўтар “Майго мястэчка” Васіль Стома, і менавіта ў архіве ўстановы захаваўся машынапіс ягонай працы. Карыстаючыся нагодай, прадстаўніца Інстытуту ў Беларусі Наталля Гардзіенка выказала ўдзячнасць ад БІНіМу рэдактару кнігі “Маё мястэчка”, а таксама шэрагу іншых тэкстаў эміграцыйных аўтараў — мовазнаўцу Змітру Саўку.

Выступае Зміцер Саўка

Зміцер Саўка ў сваім выступе распавёў пра гісторыю выдання працы Васіля Стомы, ініцыятарам якога ў 1990-х гг. выступіў сябра БІНіМу, даследчык і архівіст, што жыве ў Нью-Ёрку, Лявон Юрэвіч. Дзякуючы прапанове апошняга і з’явілася колішняя публікацыя ў “Полымі”, а таксама і сёлетняе кніжнае выданне.

Прысутны на імпрэзе мастак Алесь Марачкін, што ўлетку жыве непадалёк ад Лужкаў, прачытаў вершы Язэпа Драздовіча, што паходзіў з Глыбоччыны.

Правядзенне імпрэзы было б немагчымае без арганізацыйнай працы грамадскай актывісткі з Германавічаў Ады Райчонак. Яна расказала пра цікавасць успамінаў Стомы, і прадэманстравала, як яны перагукаюцца з іншымі творамі, прысвечанымі Лужкам.

Прысутныя надзякавалі і выдавецтву “Лімарыус”, у серыі “Беларуская мемуарная бібліятэка” пабачыла свет кніга Васіля Стомы.

На прэзентацыі таксама выступілі мясцовыя ды навакольныя жыхары і краязнаўцы: Уладзіслаў Ляскоўскі, Кліменцій Кожан, Эдмунд Гірын, Мікалай Андзілеўка, Зміцер Лупач. Сваімі аповедамі яны дапаўнялі ўспаміны Васіля Стомы, пашыралі звесткі пра гісторыю Лужак.

Спецыяльным госцем імпрэзы быў бард Алесь Камоцкі, выступ якога, вельмі цёпла прыняты прысутнымі, завяршыў прэзентацыю.

На сцэне – Алесь Камоцкі

Пасля яшчэ была прагулка па месцах, што апісваў Васіль Стома ў сваёй кнізе, ды адведванне Культурна-асветнага цэнтру імя Язэпа Драздовіча і Прыватнага літаратурна-мастацкага музею, створанага Адай Райчонак у Германавічах.

Zbsb.org