Прэзентацыя кнігі беларускамоўнай іспанкі Анхелы Эспіносы Руіз — 21 лістапада
Прэзентацыя адбудзецца ў межах праекта “Саўндчэк” у прасторы “Арт Сядзібы”. Адрас: пр. Незалежнасці, 58, гандлёвы цэнтр "Маскоўска-Венскі", 4-ты паверх (у правым пад'ездзе ёсць ліфт), пакой 430. Уваход бясплатны, але колькасць месцаў абмежаваная, запісацца на сустрэчу варта ў адмысловай суполцы Ўкантакце.
Студэнтка з Малагі ніколі не была ў Беларусі, вывучыла мову па падручніках з інтэрнэту і выдала кнігу беларускіх вершаў «Раяль ля мора». А ва ўнівэрсітэце Гранады яна арганізавала курсы «Мова Нанова» для трох іспанскіх студэнтак.
Анхела вядзе блог пад назвай «Іншаземка, якая піша па-беларуску». Аўтарка так вольна і правільна гаворыць па-беларуску, як не можа большасць выпускнікоў беларускіх школ. Гэтага яна дамаглася ўсяго за два апошнія гады.
У сваім інтэрв’ю для радыё “Свабода” Анхела так акрэсліла свае стасункі з беларускай мовай: “Я зразумела адразу, што каб асэнсаваць беларускую культуру, гісторыю Беларусі, зразумець, што адбываецца ў Беларусі, тэрмінова трэба ведаць беларускую мову. Я пачала вучыць, і для мяне гэта было відавочна. Для мяне гэта факт! Трэба дыхаць, таму што памрэш, калі не дыхаць. Трэба ведаць беларускую мову, калі хочаш жыць у беларускай культуры».
Праект «Саўндчэк» (SoundCheck) — гэта сустрэчы за кавай або гарбатай з цікавымі творчымі людзьмі, з якімі карысна паразмаўляць у нефармальнай абстаноўцы. Гасцямі выступаюць культурныя дзеячы, аўтары паспяховых праектаў і проста людзі, якія натхняюць.
Паводле прэс-рэлізу
Відэа з архіваў ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"