Прэзентацыя новай кнігі Анатоля Брусевіча адбудзецца ў Гродне 7 сакавіка

7 сакавіка ў Гародні ў мастацкай галерэі “Крыга” адбудзецца прэзентацыя новага паэтычнага зборніка Анатоля Брусевіча “Апошні дзень”.

Імпрэза пройдзе ў рамках грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, таму абяцае быць па-беларуску мадэрновай і дэкадэнцкай, паколькі аўтар прэзентаванай кнігі даўно спавядае гэтую чароўную эстэтыку. Аднак не варта чакаць ад вечарыны адно змрочных, упадніцкіх вершаў. Творы, што аздобілі “Апошні дзень”, поўняцца не толькі цемрай трывогі, але і святлом надзеі: яны балансуюць на хісткай мяжы – паміж напаўразбуранай традыцыяй і нечым невядомым. Невядомае заўсёды пужае, фарбуючы светаадчуванне ў чорныя і шэрыя колеры, прымушае бегчы без аглядкі.Традыцыя дазваляе спыніцца, азірнуцца і паслухаць галасы мінулага…

«Апошні дзень» – спроба пэўнага падсумавання. З надзеяй, што прыйдзе ДЗЕНЬ НОВЫ.

Анатоль Брусевіч: Гэта мая трэцяя кніга, яна выдалася дзякуючы Саюзу беларускіх пісьменнікаў і выдавецтву "Кнігазбор". У кнігу ўвайшлі вершы, якія пісаліся ў розныя гады, частку хацелася раней выдаць, але не было магчымасці. Кніга мне падабаецца. Вельмі цешуся, што яна ўбачыла свет і спадзяюся, спадабаецца чытачам.

На прэзентацыі выступіць гісторык, бард Уладзімір Хільмановіч. Пачатак імпрэзы ў 17 гадзін. Уваход вольны.

budzma.org