Прэзентацыя новай кнігі Людмілы Рублеўскай — 24 студзеня

24 студзеня (чацвер) у кнігарні "Кніжны салон" (Калініна, 5, недалёка ад крамы "1000 дробязей") адбудзецца прэзентацыя кнігі Людмілы Рублеўскай "Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега". Пачатак у 18.00.

Крытык, літаратуразнаўца Аксана Бязлепкіна адзначае:

"Новая кніга Л. Рублеўскай "Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега" ўбудоўваецца адразу ў дзве тэндэнцыі: з аднаго боку, рамантычна-прыгодніцкае асветніцтва У. Караткевіча, з другога — пастуляванне традыцыйных каштоўнасцяў як супрацьвага постмадэрнізму. Вядома, гэтыя тэндэнцыі сёння могуць разумецца як два бакі аднаго медаля.

"Загонны шляхціц" Пранціш Вырвіч, бедны, пазбаўлены магчымасці працягваць адукацыю, трапляе ў неверагодныя прыгоды, якія пачынаюцца з таго, што яму за медны шэлег прадаюць алхіміка Баўтрамея Лёдніка. І ўжо разам яны акунаюцца ў віхуру магнацкіх інтрыг і барацьбы за трон.

На фоне магнацкай вакханаліі дзейнічаюць героі, для якіх слова мае значэнне. Якія гатовы нашкодзіць сабе, але толькі не парушыць прысягу. Якія гатовы ахвяраваць сабой дзеля сябра, хай нават сябар той нястрымны і несправядлівы. Героі, якія могуць адмовіцца ад прыбытковай справы (алхіміі і астралогіі), усвядоміўшы яе грахоўнасць. Героі, якія ўмеюць захоўваць вернасць каханню".

Цалкам рэцэнзію Аксаны Бязлепкінай чытайце тут.

Прэсавая служба СБП