Прэзентацыя празаічнай кнігі Марыі Роўда — 3 лютага

У вечарыне, акрамя аўтаркі, возьмуць удзел: Старшыня ГА “СБП”, празаік, рэдактар кнігі Барыс Пятровіч, літаратары Ігар Бабкоў, Адам Глобус, Севярын Квяткоўскі, Андрэй Дынько ды іншыя (праграма ўдакладняецца).

Музыка — Уладзімір Дрындрожык.

Зборнік Марыі Роўда стаў 71-ым выпускам серыі “Кнігарня пісьменніка” Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў і складаецца з аповесцей і апавяданняў, напісаных на мяжы 20-га і 21-га стагоддзяў. Героі твораў — гэта моладзь дзевяностых, якая шукае сябе, сапраўднае каханне і свае карані на разломе часу, калі здаецца, што паўстае цалкам новая краіна. З самаіроніяй, сумам і любоўю аўтарка распавядае пра сваё пакаленне і пра будучыню, якую маладзёны чакалі, але не атрымалі, і якую асэнсоўвалі ўжо ў новую эпоху.

Марыя Роўда — лінгвіст, скончыла факультэт ангельскай мовы МДЛУ, працуе дацэнтам на кафедры гісторыі і граматыкі ангельскай мовы таго ж універсітэта. Перакладала на беларускую мову англамоўную прозу, драматургію і дзіцячыя мультфільмы. Публікуецца з 1993 года.

Сустрэча пройдзе ў межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”

 

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"