Прэзентацыя трох новых кніг — 9 верасня

Людміла Рублеўская «З’яўленне Інфанты»

Новы зборнік пісьменніцы, крытыка, журналіста Людмілы Рублеўскай, куды ўвайшлі вершы, а таксама іранічныя мемуары «Бестыярый майго савецкага дзяцінства», пабачыў свет у Бібліятэчцы часопіса “Дзеяслоў” у выдавецтве «Кнігазбор».

Філасофія, інтэлектуальнасць, шлях ад пафасу да горкай усмешкі і незнішчальны нацыянальны рамантызм — тое, што знаходзіцца ў цэнтры ўвагі аўтаркі і яе чытачоў.

 

Леанід Галубовіч «Поўня: Выбранае»

“Зямная філасофія жыцця, зрытмізаваная сэрцам і зарыфмаваная душой” — так лаканічна, але глыбока пазначаецца ў анатацыі да новага зборніка, прымеркаванага да 65-гадовага юбілею паэта, рэдактара і крытыка Леаніда Галубовіча, які выйшаў у Бібліятэчцы часопіса «Дзеяслоў» у выдавецтве «Кнігазбор».

Кніга змяшчае найлепшыя вершы, напісаныя за трыццаць пяць гадоў, а таксама “зацемкі з левай кішэні” з аднайменнага выдання, прысвечаныя літаратурнай дзейнасці.

 

Юры Несцярэнка «Звычайны шоу-бізнес: Апавяданні»

Літаратар і музыкант Юры Несцярэнка прадстаўляе зборнік апавяданняў і навелаў, які пабачыў свет у серыі «Кнігарня пісьменніка» Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў у выдавецтве «Кнігазбор». Прадмову да зборніка напісала Людміла Рублеўская.

Першая празаічная кніга Юрыя змяшчае як аўтабіяграфічныя, так і па-мастацку змадэляваныя сюжэты. Практычна ўсе творы закранаюць музычную тэматыку, у іх гучаць рок, джаз, блюз ды іншыя альтэрнатыўныя жанры. Назва зборніка мае глыбока іранічны кантэкст, абумоўлены як асабістым досведам аўтара, так і агульнакультурнай сітуацыяй у Беларусі.

Музыку Юрыя Несцярэнкі можна бясплатна спампаваць і паслухаць ТУТ.

Арганізатар вечарыны — ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў», партнёр — грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!».

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"