Прэзентацыя выставы «Ахвярую сваім “Я”… »

Максім Гарэцкі належыць да ліку выдатных дзеячаў беларускай культуры. Яго творчасць уяўляе змястоўную і яскравую старонку ў гісторыі нацыянальнага прыгожага пісьменства. Максім Гарэцкі – асоба надзвычай шырокага творчага дыяпазону – таленавіты мастак слова, адзін з пачынальнікаў беларускай прозы, буйны вучоны, гісторык і тэарэтык літаратуры, палымяны публіцыст, нястомны змагар за нацыянальнае адраджэнне, клапатлівы педагог, арганізатар літаратурнага руху, лексікограф, перакладчык, збіральнік і прапагандыст вуснай народнай творчасці. Максім Гарэцкі – гэта гонар і сумленне беларускай нацыі, яе духоўны настаўнік, які ўнёс велізарны ўклад у фарміраванне нацыянальнай свядомасці беларусаў.

Максім Гарэцкі з’яўляецца аўтарам першай “Гісторыі беларускае літаратуры”, “Хрэстаматыі беларускае літаратуры. ХІ век – 1905 г.”, літаратурна-крытычнай працы “Маладняк” за пяць гадоў. 1923-1928”, эпапеі “Камароўская хроніка”, рамана “Віленскія камунары”, аповесцей “Ціхая плынь”, “Дзве душы” і інш. У 1928 годзе выйшаў зборнік “Народныя песні з мелодыямі”, падрыхтаваны М.Гарэцкім у сааўтарстве з кампазітарам А.Ягоравым, у якім змешчана 318 беларускіх песень, запісаных Гарэцкім ад маці.

Шляхі Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх ішлі побач. Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі доктар геолага-мінералагічных навук, акадэмік АН БССР. Заслужаны дзеяч навукі БССР. Гаўрыла Гарэцкі апублікаваў больш за 160 навуковых прац, у тым ліку і ўспаміны пра брата Максіма. Сям’я Гарэцкіх – вялікая з’ява ў літаратуры, культуры, у жыцці нашага грамадства.

У мерапрыемстве прымуць удзел: Гарэцкі Радзім Гаўрылавіч – пляменнік Максіма Гарэцкага, даследчыкі творчасці М.Гарэцкага, пісьменнікі.

У выкананні дыктара Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Вінярскага Алега Аляксандравіча прагучаць урыўкі з твора М.Гарэцкага “Запіскі на імперыялістычнай вайне”.

Месца правядзення: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

(вул. М.Багдановіча, 13).

Кантактныя тэлефоны: (017) 335-44-47.

Электронная пошта: bellitmuseum@tut.by