Прэзентацыя зборніка Касі Глухоўскай “Калі дрэвы растуць з галавы” — 28 чэрвеня

Імпрэза мае быць вельмі ўтульнай, без крэслаў, а з дываночкамі, без доўгіх прамоваў, а з рознымі цікавосткамі. У вечарыне возьмуць удзел: фолк-метал гурт “Адарвірог”, паэты ды сябры Віктар Лупасін, Даша Трафімава, Тоня Вярцінская. Паэзія, музыка, летуценні, гульні з гасцямі!

Пра кнігу

Зборнік складаецца з вершаў аўтаркі-дзяўчынкі ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў. Пра што могуць пісаць падлеткі? Прыходзьце, абмяркуем!

Падлеткавасць -- балансаванне на тонкай і вострай мяжы паміж дзяцінствам і сталасцю, калі здаецца, што аднаго не варты ўжо, а іншага яшчэ. Пад стол хадзіць – галавой грукаешся, а неба трымаць нос не дарос. Пры ўсім пры тым у галаве: фантазіі, летуценні, чароўныя сады, ілюзіі, казкі, міфы, трагедыі Шэкспіра, карціны Марка Шагала і сонца праз вітражы, выкручаныя крылы птушак, колазварот першых закаханасцяў, смерці родзічаў і сяброў, пастарункі, вар’ятні, чужыя кпіны, самота чалавека і безліч пытанняў да Бога, якія могуць быць рытарычнымі. Што б ні было ў гэтай кнізе, яна нагадвае чалавека, чые думкі прараслі з галавы і вочныя ўсім. Рабіце што хочаце з імі: адпачывайце ў ценю, караскайцеся на галіны, збірайце зоркі і плады ці сякіце, паліце і выкарчоўвайце. Безабаронны ашчэр усмешкі.

Запрашаем!

budzma.by