Прэзентацыя зборніка перакладаў украінскай прозы — 8 лютага

8 лютага 2013 года ў 17.30 у Дзяржаўным музеі гісторыі
беларускай літаратуры (вул. Багдановіча, 13) адбудзецца прэзентацыя зборніка перакладаў украінскай
прозы Юрыя Кур’яновіча “Цвітуць сланечнікі”. Уваход вольны
У зборнік перакладаў “Цвітуць сланечнікі” ўвайшлі апавяданні заходнеўкраінскіх пісьменнікаў Івана Грэгуляка і Наталлі Радыш, а таксама Пятра Франко. У перакладзе на беларускую мову творы друкуюцца ўпершыню.
Юрый Кур’яновіч – беларускі пісьменнік, краязнавец, самабытны мастак. Нарадзіўся ў 1968 г. у Мінску.
Апавяданні, краязнаўчыя нарысы і публіцыстычныя творы Юрася Кур’яновіча друкаваліся ў шматлікіх беларускіх часопісах і газетах. Ён аўтар зборнікаў прозы “Ён і Яна” (1996), “Гарадская элегія” (2007), кнігі “Аповеды старасвецкай Лошыцы” (2005). Пісьменніку належыць шэраг навуковых і навукова-папулярных артыкулаў па гісторыі праваахоўных органаў Беларусі ў 1917–1939 гг., а таксама артыкулаў па гісторыі беларускай літаратуры.
Юрась Кур’яновіч быў першым, хто на старонках рэспубліканскага друку распавёў пра таямнічы крыж, які расце з-пад зямлі на Барысаглебскіх могілках у Тураве (Гомельская вобласць) і да якога сёння прыязджаюць вандроўнікі з усіх куткоў Беларусі, а таксама з Украіны, Расіі і іншых краін.
Правёў у Беларусі 13 персанальных выстаў жывапісных твораў (алей, палатно), аб’яднаных агульнай назвай “Варыяцыі на спрадвечнае”, і шэраг фотавыстаў (“Краявіды беларускай Палесціны”, “Успаміны дзяцінства”, “Подых Карпат”). Сутнасць як жывапісных, так і фатаграфічных твораў Ю. Кур’яновіча – філасофскі роздум мастака над існасцю.
У фае Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры будуць экспанавацца фотаздымкі Юрыя Кур’яновіча з серыі “Подых Карпат”, прысвечаныя Гуцульшчыне (Заходняя Украіна).
Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры