Прэзентавалі «Магілёўскі фотаальбом. 1864-2000»

Як вынікае з назвы кнігі, у ёй сабрана ўнікальная калекцыя фотаздымкаў магілёўскіх фатографаў ад самага пачатку ўзнікнення гэтага віду мастацтва ў горадзе, змешчаны гістарычныя нарысы пра аўтараў здымкаў.

«Магілёўскі фотаальбом» змясціў больш за 700 фотаздымкаў пяцідзесяці сямі майстраў гэтага віду мастацтва, якія зрабілі вялікі ўнёсак у развіццё фатаграфіі.

Праўда, кніга пакуль існуе толькі ў адзіным экзэмпляры, сабрана прыкладна палова неабходнай сумы для выдання прыстойнага тыражу і ў добрай якасці, таму і было вырашана арганізаваць гэтую выставу.

Алег Дзьячкоў і Міхась Булавацкі

Магчыма, знойдзецца мецэнат, які зробіць неабходны ўнёсак, можа нешта збярэцца праз ахвяраванні грамадзянаў, бо сапраўды, выданне вельмі цікавае і неабходнае для горада, бо што яшчэ больш рэальна можа расказаць пра жыццё, гісторыю, жыхароў горада, як не фатаграфія.

Аляксандр Ліцін

Ірына Савосіна

Трэба сказаць і пра стваральнікаў кнігі – укладальнікі і аўтары гістарычнага нарысу Аляксандр Ліцін і Ірына Савосіна, вёрсткай займаўся Генадзь Карчэўскі, дапамагаў у з’яўленні кнігі і кіраўнік магілёўскага фотаклуба «Радуга» Анатоль Талкачоў.

Непасрэдна ў галерэі можна пабачыць 80 арыгіналаў і копіяў фотаздымкаў магілёўскіх фатографаў розных часоў, невялікую калекцыю фотатэхнікі, брашур, грамат і медалёў фотаклубаў ды фотавыстаў розных перыядаў магілёўскай фатаграфіі.

 

Алесь Сабалеўскі, фотаздымкі аўтара