Прэзентавалі «Юргінію»

Удзельнікамі прэзентацыі былі паэты, празаікі, аматары-чытачы, знаёмыя Міхася Конана, студэнты Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, былая калега, журналістка Ніна Пісарэнка.

Пятро Ламан 

Рэдактар кнігі, вядучы майстар сцэны, артыст Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, член Саюза беларускіх пісьменнікаў Пятро Ламан сказаў, што Міхась Конан асабліва добра піша пра беларускую прыроду. Ён вялікі яе аматар, умее захапіць чалавека пэўнай ідэяй, што асабліва востра адчуваецца ў рамане «Юргінія».

Міхась Конан 

«Калі ён папрасіў мяне пачытаць твор яшчэ ў чарнавіку, я падумаў, што за тыдзень-другі неяк адолею рукапіс, — падкрэсліў Пётр Аляксандравіч. — А як толькі паглыбіўся ў тэкст, то не змог адарвацца і адразу прачытаў большую палову. Сюжэт рамана мяне вельмі захапіў. Ён разгортваецца на былых польскіх Усходніх крэсах, пачынаючы з 30-х гадоў мінулага стагоддзя і працягваецца аж да першай паловы 50-х. Міхась піша пра дбайных, гаспадарлівых Лявона Жыгулу, бацьку і сына Лустаў, жартаўніка-краўца Сымона Сызму, выводзіць, быццам напаказ, на сцэну яшчэ мноства іншых запамінальных персанажаў. Аўтар бадай што ўпершыню ў сучаснай беларускай літаратуры стварае яркі і тыповы вобраз селяніна-хутаранца з яго асаблівымі клопатамі, сумненнямі, адметнымі поглядамі на хутарское жыццё наогул».

Ірына Саматой

Ніна Пісарэнка 

Аб несумненных здабытках рамана гаварылі на прэзентацыі выкладчыца філалагічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта Ірына Саматой, дацэнт педагагічнага факультэта Васіль Баранок, празаік Алег Шчыгельскі і іншыя.

Міхась Конан і Васіль Баранок

У цэнтры: Алег Шчыгельскі

Многія ўдзельнікі прэзентацыі падчас вечарыны адзначалі, што «Юргінія» — своеасаблівы гістарычны раман, які заслугоўвае таго, каб яго чыталі і ведалі людзі ўсіх узростаў, у першую чаргу, моладзь, і не толькі на Віцебшчыне, але і ва ўсёй Беларусі.

 

Таццяна Быкава

Фота з архіва Міхася Конана