Прэзентаваны зборнік твораў пераможцаў конкурсу да стагоддзя Ларысы Геніюш

 Андрэй Хадановіч

Андрэй Хадановіч

– Андрэй, кніга выходзіць праз два гады пасля конкурсу. Можа варта было дачакацца дваццаціпяцігоддзя?

– Так, ужо другі раз у гісторыі “пэнаўскіх” конкурсаў кніжка выходзіцуь з затрымкаю. Так было з “Групавым партрэтам з Бабай Броняй”, які з’явіўся адначасова з кніжкаю наступнага конкурсу. У гэтым годзе зборнік з’явіўся ўсё ж раней за кніжку “мілашаўскіх”лаўрэатаў. Што тычыцца персанальна мяне, я сваю рэдактарскую працу зрабіў у жніўні 2010 года і здаў рукапіс далей “па інстанцыі” ў належны тэрмін. За гэты час я, дарэчы, паспеў засумаваць па кніжцы, перачытаў яе як новую для сябе. Знайшоў у аўтараў матывы, вобразы, намёкі, якіх раней не бачыў. Банальнасць “лепей позна, чым ніколі”, не гледзячы на тое, што гэта тыповы труізм, выглядае тут як мага дарэчы. А вычарпальны каментар на гэтае пытанне мог бы даць Ігар Логвінаў. 

Андрэй Адамовіч
Андрэй Адамовіч

– Андрэй, чаму Вашыя тэксты так нагадваюць тэлеперадачу “Смехапанарама”?

– Такія фацэты, як я, часта думаюць, што смех слухачоў – гэта добры знак, што, маўляў, тэкст атрымаўся ўдалым. Нажаль, лаяльнасць публікі да беларускіх паэтаў зашкальвае, і атрымліваецца, што публіка верыць таму, што перад ёю паэзія, нават калі зачытваюцца нейкія анекдоты. Перад намі замкнёнае кола: публіка сустракае пазітывам – аўтар працягвае пісаць “петрасяншчыну”.

Ася Волкава
Ася Волкава

– Ася, Вы перамаглі на конкурсе з верлібрамі. А рыфмаваць умееце?

– Не, не ўмею. Спрабавала – не атрымалася. Што тут яшчэ дадаць, я лянівы аўтар – мне нават рыфмаваць “у падлу”.

Кірыл Дубоўскі
Кірыл Дубоўскі

– Кірыл, колькі гадоў таму напісаны самы свежы Ваш тэкст з тых, што ўвайшлі ў гэты зборнік?

–Я не ведаю, што туды ўвайшло. А ёсць зборнік? (ідзе па зборнік, гартае). Усе апавяданні апроч аднаго напісаныя ў 2007 годзе. Адно – у 2004.  Яны адэкватна рэпрэзентуюць тое, што я напісаў і што ўваходзіць у маю кнігу, гэта нармальныя паказальныя апавяданні таго перыяда, які завяршыўся выхадам кнігі “Хороший роман”. Наступныя тэксты будуць іншымі.

Алесь Емельянаў
Алесь Емельянаў

– Алесь, мы чулі, што Вы масажыст, скажыце, а як вам гэта дапамагае ў творчасці?

–Кажуць, што чалавек які працуе рукамі, пальцамі, ён больш адчувае… У яго рэфлексы напісання тады лепшыя. Карацей, ён лепей трымае асадку ў руках. Самае галоўнае, што масажысты атрымліваюць грошы за тое, за што іншыя мужыкі атрымліваюць па мордзе.

Павал Капанскі
Павал Капанскі

– Павал, вы пішаце па-беларуску, па-руску, па-ўкраінску, хоць адну мову ведаеце “на выдатна”?

– Не. Расейскую на “сем”, беларускую – ЦТ на “чатыры”. Украінскую  – “восем”, але гэта ўсё паблажкі ва ўніверы. Я магу паясніць, чаму так. У сям’і ў мяне бацька ўкраінец, а маці – беларуска, але яны паміж сабой размаўлялі па-расейску. Улетку я ездзіў да бабкі ва Ўкраіну – у Львов, з тых часоў я закахаўся ва ўкраінскую мову, што прывяло мяне на ўкраінскую філалогію. Пасля ўжо на трэцім курсе падчас цяжкіх спрэчак з аднакурснікамі наконт магчымасці тварыць і пісаць на беларускай мове я паступова пачаў прыходзіць да яе. А потым пазнаёміўся з Людмілай Іванаўнай Рублеўскай, якая дала мне “штуршок у беларускую мову”. З таго часу я стаў пісаць і па-беларуску, і па-ўкраінску, і менш – па расейску. Сёння я пішу толькі па-беларуску.

Юля Качан
Юля Качан

– Юля, да конкурса імя Ларысы Геніюш Вы перамагалі ў конкурсе да стагоддзя “Нашай Нівы”, калі ўжо выйдзе Ваша паўнавартасная кніга?

– Я проста не ведаю алгарытму выдання кнігі, як гэта зрабіць? Тэксты – калі ласка. У  мяне ёсць тэкстаў на кнігу. Такога фармата, як выдаюць сучасныя беларускія пісьменнікі, – дык на дзве. Пакуль няма чаго тут дадаць, хацелася б выдаць натуральна, тым больш усе нашыя “аднакласнікі” ўжо выдалі па кнізе.

Аліна Радачынская
Аліна Радачынская

– Аліна, Вы як журналістка не маглі б сказаць, ці праўда, што ўсе журналісты мараць напісаць раман?

– Я не магу адказваць за ўсіх журналістаў, але я не мару, магчыма, гэтая мара з’явіцца потым. Я перастала марыць пра літаратуру, бо тое, чым я займаюся, забірае шмат сілаў, і ў ім часам больш паэзіі, чым у вершаваных радках. Можна сказаць, што я здрадзіла літаратуры з журналістыкай.

– Дарэчы, пазналі цытату?

– Не, не пазнала.

Кацярына Макарэвіч
Кацярына Макарэвіч

– Кацярына, калі няцяжка, не маглі б Вы пераказаць фабулу рамана Ядвігіна Ш. “Золата”?

– Я натуральна чытала, але думаю, што не магла б. Не памятаю, калі шчыра. Што там было пра “Золата”? Можна “званок другу”? (Набірае тэлефонны нумар). Вітаю! Ты памятаеш, пра што “Золата” Ядвігіна Ш.? Не. Па-мойму, пра штосьці іншае.Ты ўпэўнена? Карацей, ніхто не памятае.

 

Сяргей Календа:

– Сяргей, дайце параду маладым празаікам – як кшталтаваць уласны стыль?

Адказ не быў атрыманы, бо Сяргей Календа не з’явіўся на прэзентацыю, на якой быў заяўлены. Мы вырашылі пакінуць пытанне без адказу і заклікаем Вас падзяліцца сваімі уласнымі рэцэптамі.

Марыя Паўлоўская
Марыя Паўлоўская

– Марыя, мы толькі што прасілі адну з удзельніц пераказаць фабулу рамана “Золата”, а Вы ведаеце ў чым розніца паміж фабулай і сюжэтам?

– Фабула – гэта сама канструкцыя твора, яна можа змяняцца, а сюжэт – гэта змест, па сутнасці.

Антон Рудак
Антон Рудак

– Антоне, наколькі сёння рэпрэзентуе Вас як паэта верш “Элвіс ідзе па прашпекце”, які ўвайшоў у зборнік і гучыць у праеце “Чорна-белыя вершы”?

– Ён рэпрэзентуе мяне як паэта, які піша пра горад, які піша пра горад такім, якім ён ужо не з’яўляецца, але якім бы я хацеў яго бачыць. Цяпер я пішу пра тое самае, але, вядома, інакш. Магчыма праз тое, што пачаў больш камунікаваць з іншымі маладымі аўтарамі і яны мяне “навучылі харошаму”.

Таццяна Цуканава
Таццяна Цуканава

– Таццяна, вы малады перакладчык, а колькі ў вас фальшывых сяброў?

– Божа! Адзін! Я сам сабе фальшывы сябр.

 

Пытанні задаваў Сцяпан Панаеў, фота Зарыны Кандрацьевай

Больш фота гл. на budzma.org