Пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў створана Таварыства ўкраінскай літаратуры

Таварыства створана з наступнымі мэтамі:

- спрыянне ўкраінска-беларускім літаратурным сувязям і актывізацыя ўзаемных мастацкіх перакладаў;

- падтрымка беларускіх пісьменнікаў, якія жывуць у Беларусі і пішуць па-ўкраінску (ці на ўкраінскіх гаворках), а таксама беларускіх пісьменнікаў, якія жывуць ва Украіне і пішуць па-беларуску (ці на беларускіх гаворках);

- развіццё ўкраінскамоўнага прыгожага пісьменства ў Беларусі і беларускамоўнага прыгожага пісьменства ва Украіне;

- захаванне і папулярызацыі нацыянальных літаратурных спадчын  Беларусі і Украіны.

У рамках заяўленых мэтаў Таварыства можа выдаваць кнігі, альманахі, бюлетэні, часопісы, іншую друкаваную прадукцыю на беларускай і ўкраінскай мовах, праводзіць грамадска-культурныя мерапрыемствы, накіраваныя на пашырэнне ведаў аб украінскай літаратуры і культуры ў Беларусі і беларускай літаратуры і культуры ва Украіне.

Сябры Таварыства ўкраінскай літаратуры пры СБП

Сябрамі Таварыства могуць быць сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў, а таксама іншыя асобы, якія жывуць у Беларусі, Украіне ды іншых краінах і якія падзяляюць мэты і задачы Таварыства.

Ганаровымі сябрамі Таварыства могуць быць асобы, якія маюць асаблівыя заслугі ў рэалізацыі заяўленых мэтаў.

Таварыства можа спрыяць адукацыйным і культурніцкім праектам, у тым ліку і ў супрацоўніцтве з іншымі арганізацыямі і аб’яднаннямі, накіраваным на рэалізацыю яго мэтаў.

У бліжэйшых планах Таварыства – выданне альманаха твораў беларускіх аўтараў, якія пішуць па-ўкраінску і на ўкраінскіх гаворках (галоўным рэдактарам альманаха абраны Алесь Наварыч) у электронным і папяровым выглядзе, стварэнне старонак Таварыства ў сацыяльных сетках з мэтай папулярызацыі ўкраінскай літаратуры ў Беларусі і беларускай літаратуры ва Украіне, арганізацыя трэнінгаў для маладых перакладчыкаў украінскай літаратуры, пераклады лепшых твораў сучаснай украінскай літаратуры на беларускую мову, спрыянне пашырэнню сувязяў паміж СБП і літаратурнымі арганізацыямі Украіны.

Стварэнне Таварыства – гэта і жэст салідарнасці з Украінай, якая перажывае складаныя часы, і спроба ўзаемнай культурнай дапамогі.

Цяпер у Таварыстве больш за 20 сяброў. Ласкава запрашаем усіх, хто падзяляе мэты Таварыства, далучацца да працы.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"